Мікалай Чарнавус — старэйшы — вядомы прадпрымальнік, грамадзкі актывіст, арганізатар акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў. Ён вылучаецца кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ.
Яго сын Мікалай Чарнавус ідзе ад АГП. Ён таксама прадпрымальнік, гандлюе лекавай касмэтыкай.
Пікет абодвух Чарнавусаў карэспандэнт Свабоды ўбачыў на рынку ў Баранавічах. У цэнтры рынку стаялі стэнды з двума партрэтамі, але падпісаныя аднолькава — «Мікалай Чарнавус».
Чарнавус-старэйшы жартуе, паказваючы на фота малодшага:
«Гэта я ў маладосьці...»
Абодвух Чарнавусаў на рынку ведаюць ня толькі прадпрымальнікі, але і многія мінакі, якія спыняюцца паставіць подпісы. Хоць некаторыя і зьдзіўляюцца, што абодва патэнцыйныя кандыдаты завуцца аднолькава.
Але Мікалай Чарнавус — старэйшы тлумачыць, што подпісы яны здаваць ня будуць, а вылучаюцца ад сваіх партыяў:
«Ініцыятыўныя групы зарэгістравалі, каб была магчымасьць пастаяць у пікетах і пазьбіраць кантакты сваіх прыхільнікаў, пагутарыць зь людзьмі. Подпісы б мы сабралі, але ж гэта толькі „мёду“ дамо камісіі — навыдумляюць несапраўдных подпісаў і не зарэгіструюць. У мяне была такая сытуацыя на парлямэнцкіх выбарах 2008 году. Людзей прымусяць, угавораць, каб адклікалі свае подпісы, і ўсё — не рэгіструюць».
Пра выбарчую кампанію Чарнавусы кажуць, што яна ідзе адносна спакойна, старэйшы Чарнавус сьмяецца, што «толькі дырэктар рынку ўсё нэрвуецца, прыходзячы на наш пікет».
Не абышлося, кажа Мікалай Чарнавус — старэйшы, без правакацыяў. Да яго і да кандыдата ад руху «За свабоду» Юрыя Казакевіча прыйшоў і падпісаўся чалавек, які аказаўся замежным грамадзянінам. Потым, пасьля скаргі ў мясцовую выбарчую камісію, ініцыятыўным групам Чарнавуса і Казакевіча вынесьлі папярэджаньне.
«Адразу ж баранавіцкая дзяржаўная газэта выйшла з інфармацыяй пра гэтыя папярэджаньні на самым бачным месцы на другой старонцы. Потым папярэджаньне зьняла ЦВК, але пра гэта дзяржаўныя журналісты напісалі ўжо ўнізе старонкі», — кажа Мікалай Чарнавус — старэйшы.
Абодва Чарнавусы кажуць, што ня вераць у магчымасьць трапіць у парлямэнт:
«Выбараў няма да тых часоў, пакуль людзі самі гэтага не захочуць», — кажа Чарнавус-малодшы.
Чарнавус-старэйшы дадае:
«Гэта ж дэпутат парлямэнту! Мяне нават у сябры рады рынку баяцца прапусьціць. Каб хаця Чарнавус туды ня трапіў... То пра які парлямэнт можна казаць?»