Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзей прываблівае, калі лунае бел-чырвона-белы сьцяг і гаворыш па-беларуску», — зборшчыца подпісаў зь Іўя


Пікет па зборы подпісаў за актывіста БХД Міколу Баўсюка ў Горадні
Пікет па зборы подпісаў за актывіста БХД Міколу Баўсюка ў Горадні

На Гарадзеншчыне зборшчыкі подпісаў ад апазыцыі сьцьвярджаюць, што зьбяруць неабходную колькасьць, бо выбарцы, як ніколі раней, цягнуцца да апазыцыйных пікетаў.

У Горадні побач зь пікетам БХД, дзе зьбіраюць подпісы за мясцовага лідэра хрысьціянскіх дэмакратаў Міколу Баўсюка, амаль увесь час падыходзіць то па некалькі, то па адным чалавеку. Нават калі і ня ставяць подпісаў, то ўсё роўна хоць пра нешта пытаюцца.

Сяргей Верамеенка, актывіст БХД, які зьбірае подпісы, кажа, што людзі даволі актыўна цікавяцца іх прэтэндэнтам у кандыдаты, праўда, некаторыя, пачытаўшы кароткія тэзы ягонай праграмы, могуць адразу сказаць, што такіх у парлямэнт не дапусьцяць і наагул апазыцыя ня мае шанцаў.

Актывіст БХД Сяргей Верамеенка выслухоўвае выбарцаў
Актывіст БХД Сяргей Верамеенка выслухоўвае выбарцаў

Вось так адзін спадар перадпэнсійнага веку кажа, што ўжо ня верыць ніякім выбарам, але подпіс за вылучэньне апазыцыйнага кандыдата ўсё ж ставіць. Ён тлумачыць сваю пазыцыю:

— У нас няма ніякай альтэрнатывы. Мне зразумела, што кандыдаты ад апазыцыі ня пройдуць, але мы ўсё ж павінны і сабе, і людзям, і ўладзе паказаць, за каго насамрэч галасуем. Мы толькі цяпер падчас выбарчай кампаніі хоць нешта можам казаць пра тое, што адбываецца ў краіне. Выбіралі прэзыдэнта некалі з надзеяй, што ён справіцца з карупцыяй, несправядлівасьцю, а атрымалася, што паўсюль толькі квітнее гэтая карупцыя...

Яшчэ адзін мужчына сярэдняга веку галосна дадае:

— Тут ужо даўно ўсіх трэба мяняць, даваць месца ва ўладзе іншым людзям, з новымі ідэямі. Адно што трэба зьмяніць Ярмошыну і пасадзіць там людзей з народу, каб яны справядліва ўсё палічылі. Я сам на выбары не хаджу ўжо больш за 10 гадоў, бо там хлусьня. І зараз не пайду, бо нічога ня зьменіцца.

А вось мужчына пэнсійнага веку апавядае сваю гісторыю, кажа, што хадзіў да начальства ў гарвыканкам, а там яго міліцыянт нават не пусьціў у будынак.

— Пра якія выбары вы гаворыце, я ўжо сваё пражыў, бачыў, паспытаў на сабе. Яны цяпер адгарадзіліся ад народу, і да іх не дастукацца. Я нават у савецкія часы мог спакойна зайсьці да сакратара райкаму, а што цяпер...

Жанчына сярэдняга веку ўважліва пачытала тэзы прэтэндэнта ў кандыдаты, паставіла подпіс, яе аптымізм скарае многіх:

— Няхай ня думае ўлада, што мы тут усе дурныя і нічога не разумеем. Нам вядома, як яны лічаць галасы. Яны думаюць, што будуць рабіць так вечна — нічога падобнага! Час прыйдзе — і давядзецца многім за фальсыфікацыі адказваць. Цяпер шмат у каго ўжо няма чым карміць семʼі, а многія, паглядзіце, як жывуць за народныя грошы. Іх канец ужо хутка.

Нам вядома, як яны лічаць галасы. Яны думаюць, што будуць рабіць так вечна — нічога падобнага!

Даволі актыўна апазыцыйныя кандыдаты праводзяць збор подпісаў і ў рэгіёнах. Іван Шэга, сябра Партыі БНФ са Слоніма, сабраў за чатыры дні подпісаў удвая болей, чым трэба для вылучэньня яго кандыдатам у дэпутаты:

— Сабраць подпісы, калі сёлета гэтага сапраўды нехта хоча, няма ніякай праблемы.

Паводле яго, сёлета кідаецца ў вочы тое, што няма перашкодаў з боку ўлады падчас збору подпісаў, і значна памяняліся выбарцы: людзі пачалі разважаць па-іншаму, прычым як у горадзе, так і на вёсцы.

Пікет у Слонімскім раёне за лідэра мясцовай арганізацыі БНФ Івана Шэгу. (Здымак ініцыятыўнай групы Івана Шэгі)
Пікет у Слонімскім раёне за лідэра мясцовай арганізацыі БНФ Івана Шэгу. (Здымак ініцыятыўнай групы Івана Шэгі)

— Ніхто ўжо ня хваліцца дасягненьнямі ўлады, не палохаюцца бел-чырвона-белых сьцягоў — наадварот, імкнуцца гаварыць пра тое, як зьмяняць жыцьцё ў краіне. Людзі гавораць пра рэальныя праблемы і цяжкасьці і цікавяцца, якім чынам я зьбіраюся іх вырашаць. Яны хочуць канкрэтыкі, а ня проста балбатні. Раней у вёсцы неяк баяліся даставаць пашпарты, калі ў нас у руках быў бел-чырвона-белы сьцяг, а сёлета гэта нікога не бянтэжыць, і менавіта ў апазыцыі імкнуцца знайсьці адказы на пытаньне, як жыць далей.

Ініцыятыўная група прэтэндэнткі ў кандыдаты ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ірыны Давідовіч сабрала пакуль толькі чвэрць неабходнай колькасьці подпісаў. Ірына кажа, што апошнімі днямі кампаніі значна перашкаджае надворʼе, але тым ня менш збор подпісаў працягваецца, і відавочна, што сабраць неабходную колькасьць праблемаў ня будзе. У Іўі, паводле прэтэндэнткі, людзі арыентуюцца на бел-чырвона-белы сьцяг і беларускую мову.

Пікет у Іўі праводзіць сама прэтэндэнтка ў кандыдаты Ірына Давідовіч (Здымак ініцыятыўнай групы Ірыны Давідовіч)
Пікет у Іўі праводзіць сама прэтэндэнтка ў кандыдаты Ірына Давідовіч (Здымак ініцыятыўнай групы Ірыны Давідовіч)

— Я ніколі ня думала, што беларуская мова і бел-чырвона-белы сьцяг настолькі спросьцяць працу па зборы подпісаў. Да нас падыходзяць адразу людзі, якім лішняга нічога ня трэба тлумачыць, яны самі ўсё бачаць і яшчэ выказваюць словы падтрымкі. Адна жанчына падышла адмыслова да мяне і пачала казаць, што мы ня любім Беларусь, усё нешта наводзім нейкую смуту. Але калі я пачала адказваць ёй пра любоў да Беларусі па-беларуску, то ў яе больш не знайшлося слоў, каб нешта сказаць, і ўсе, хто слухаў нашу дыскусію, падтрымалі маю пазыцыю.

Мікалай Уласевіч з Астраўца праводзіў пікет у Гервятах і кажа, што мясцовае насельніцтва ўсё ж надалей нерашуча падыходзіць да пікетоўцаў. Затое зусім інакш да іх ставяцца рабочыя, якія прыехалі на будаўніцтва атамнай станцыі.

Пікет у вёсцы Гервяты Астравецкага раёну па зборы подпісаў за Мікалая Ўласевіча (Здымак ініцыятыўнай групы Мікалая Ўласевіча)
Пікет у вёсцы Гервяты Астравецкага раёну па зборы подпісаў за Мікалая Ўласевіча (Здымак ініцыятыўнай групы Мікалая Ўласевіча)

— Пераважна гэта маладыя хлопцы. Падыходзяць, спакойна размаўляюць, выказваюць падтрымку і прапануюць паставіць свае подпісы. Праўда, я іх узяць не магу, паколькі яны ня маюць тутэйшай прапіскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG