Насупраць рэзыдэнцыі Лукашэнкі прайшоў пікет памяці Захаранкі

Беларускія хрысціянскія дэмакраты 30 ліпеня ў Менску насупраць новай рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі на праспэкце Пераможцаў правялі пікет памяці зьніклага 17 гадоў таму міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі і ў падтрымку яго маці Ўльляны Рыгораўны, паведамляе сайт БХД.

Паводле рэсурсу, менчукі ставілі подпісы пад патрабаваньнямі маці палітыка, якая просіць прызнаць свайго сына памерлым.

У пікеце ўдзельнічалі сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі, адказны сакратар Дзяніс Садоўскі, лідэр Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч, кіраўнік Хрысьціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова ды іншыя. Пікет праходзіў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі з партрэтамі Юрыя Захаранкі.

«Людзі самі падыходзілі, ставілі свае подпісы. Некаторыя зь іх нават захацелі далучыцца да хрысьціянскай дэмакратыі. У адрозьненьне ад беларускіх уладаў менчукі памятаюць былога міністра. Тое, што зараз адбываецца з боку ўладаў, — гэта нішто іншае, як зьдзек з памяці сумленнага афіцэра беларускага МУС і мужнага грамадзяніна, як зьдзек зь яго маці. З аднаго боку сапраўднае сьледзтва не вядзецца, з другога боку яго не прызнаюць загінулым», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Ён адзначыў, што заява маці Юрыя Захаранка будзе разглядацца ў панядзелак 1 жніўня ў Менскім гарадзкім судзе па вуліцы Дуніна-Марцінкевіча, 1. Пачатак а 10:00. Сустаршыня БХД заклікаў усіх прыйсьці да суду, каб ушанаваць памяць былога міністра і падтрымаць спадарыню Ульляну.