Вікторыя распавяла пра кампанію салідарнасьці з Эдуардам, якога карыстальнікі інтэрнэту ў асноўным ведаюць пад імем Джон Сільвэр.
«Напісаў, гэта проста нейкае дзіва: штодня атрымлівае па 30-40 лістоў ад людзей, якія зь ім салідарныя і яго падтрымліваюць. Кажа, што пішуць нават сем’ямі: муж, жонка і дзеці, якія дасылаюць свае малюнкі. Ён усім страшэнна ўдзячны, спрабуе ўсім адказаць і падзякаваць асабіста, але калі ня ўсе яшчэ атрымалі адказы, дык таму, што нестае часу. Але прасіў перадаць усім яшчэ раз вялікі дзякуй, гэта яго сапраўды падтрымлівае», — распавяла Вікторыя.
Эдуарда Пальчыса трымаюць у Жодзінскай турме. Паводле ягоных лістоў, на ўмовы ўтрыманьня блогер ня скардзіцца, як і на харчаваньне ў вязьніцы.
«Зь ім у камэры 3 чалавекі. То бок гэта няшмат, нармальна. Акрамя ежы, якую даюць у турме, штотыднёва перадаем яму перадачы, норму ў 30 кіло выбіраем цалкам. Тэлевізара ў яго няма, але прэсу атрымлівае. На жнівень падпісалі яшчэ на шэраг выданьняў. Пра будучы суд напісаў, што, канешне, было б добра, каб вызвалілі, але лепш настройвацца на тэрмін. Ён піша пра магчымыя 4-5 гадоў, але відаць, што спадзяецца на лепшае», — дадала жонка Эдуарда Пальчыса.
Заснавальнік вядомага сайту 1863.com жыхар Ліды Эдуард Пальчыс быў арыштаваны ў Расеі і ўвесну выдадзены праваахоўнікам Беларусі. Раней у Беларусі на Эдуарда Пальчыса была заведзеная крымінальная справа па абвінавачаньні ў распальваньні варожасьці і распаўсюдзе праз інтэрнэт парнаграфічных матэрыялаў. Пальчыс адкідае зьвінавачваньні. Беларускія праваабаронцы і актывісты апазыцыі кажуць пра перасьлед Эдурда Пальчыса паводле палітычных прычын і згадваюць, што на сваім сайце ён выстаўляў шмат крытычных матэрыялаў адносна Расеі і ўладаў Беларусі.