У Магілёве няма лоску, гармоніі, добраўпарадкаваньня і зручнасьці для людзей. Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў абласны цэнтар. Паводле кіраўніка дзяржавы, ва ўсіх астатніх абласных цэнтрах наведзены парадак і створаная ўтульнасьць, а Магілёў, на ягоную думку, адстае па гэтых пазыцыях.
Як успрынялі выказваньні Аляксандра Лукашэнкі магілёўцы, ці пагадзіліся зь ім?
«Які раз, прыяжджаючы да нас, ён заяўляе, што наш горад ня самы чысты і ўпарадкаваны. Ягоныя словы пустыя. Ён жа ня робіць нічога, каб горад выглядаў інакш. Паколькі няма ў горада рэсурсаў, то асабліва нічога і ня робіцца. Калі ўзяць гарадзкія ўскрайкі, то сапраўды яны неўпарадкаваныя, а цэнтар добра зроблены. Нам падабаецца», — адрэагавалі на словы Лукашэнкі маладыя людзі на пешаходнай вуліцы Ленінскай.
«Гэта гледзячы з чым параўноўваць: як я зь вёскі, дык мне ў горадзе камфортна і лоску хапае», — далучаецца да гутаркі жанчына сталага веку.
«Мая вёска недалёка ад гораду, і там зусім заняпад, — працягвае кабета. — Там ні дарог, ні ходнікаў, ні крамаў добрых. Два кіёскі паставілі. Харчоў няма дзе набыць, дык у горад даводзіцца езьдзіць. Цырульню, праўда, адкрылі».
«Мы, відаць, з Лукашэнкам спрачацца ня будзем», — адказалі журналісту двое дзяўчатак. Адна зь іх прыехала ў Магілёў зь Менску.
«Прыяжджаючы час ад часу ў Магілёў, я бачу, што ён становіцца больш камфортным, — выказалася госьця Магілёва. — Мост нарэшце ўзяліся рамантаваць, а то па ім страшна было езьдзіць. Патроху наводзіцца парадак. Нельга адназначна заяўляць, што горад такі ўжо Богам забыты».
«Мы збольшага згодныя з кіраўніком дзяржавы», — працягнулі гутарку хлопцы, перанятыя на плошчы Зорак. — Горад не разьвіваецца. Ён нібы спыніўся. Каб актывізаваць ягонае разьвіцьцё, трэба даць людзям больш свабоды, і тады яны самі ўпарадкуюць сваё жыцьцё і жыцьцё гораду«.
«Гораду не хапае сквэраў. Мне 61 год, і я памятаю, якімі ўпарадкаванымі былі ў горадзе сквэры. Было мноства дрэваў, стаялі лаўкі. А цяпер як зломіцца дрэва, то на ягоным месцы не пасадзяць новае, а пакладуць плітку», — выказвае сваё меркаваньне жанчына, якая пагаджаецца са словамі кіраўніка дзяржавы. — Я ўжо маўчу пра недакуркі, непрыбраныя сьметніцы. Пра культуру гараджан. Пра шматлікія казіно і забаўляльныя цэнтры. Вакол іх заўжды людзі ўвечары нападпітку. І ўлада павінна пра гэта клапаціцца...«
«Дзе нашы цяперашнія камсамольцы? Чаму ад іх няма ініцыятываў? Можна было сабраць бясплатную працоўную сілу, прыйшлі б старыя, тыя ж камсамольцы, няхай з-пад палкі. Галоўнае ўсё арганізаваць», — робіць выснову жыхарка Магілёва.
«Паколькі Лукашэнка выхадзец з далёка не гарадзкой мясцовасьці, якая не магла пахваліцца лоскам, бо яго папросту там не было, то ў кіраўніка дзяржавы сваё разуменьне таго, як мусіць выглядаць горад. І атачэньне ў прэзыдэнта такое ж і з такім жа меркаваньнем. Яны нават думку выказаць ня могуць. Баяцца ўсяго», — раздражнёна рэагуе на словы кіраўніка дзяржавы жыхарка Магілёва.
«У горада няма грошай. Прадпрыемствы стаяць. На тыя рэсурсы, якія ёсьць, будуюць усё таннае. Які можа быць лоск? — не сунімаецца суразмоўніца. — Глядзіце, прыехаў вялікі начальнік, пашыхтаваць мясцовую ўладу, папантаваўся, нібы ва ўсім разьбіраецца, а ў Магілёве, паводле яго, няведама, што дзеецца: лоску няма — домікі яму не спадабаліся, хаця і яны прыгожыя. Уражаньне ад візыту Лукашэнкі, што ён прыехаў, каб зьняважыць Магілёў».
Кіраўнік дзяржавы выказаў спадзяваньне, што цягам пяцігодкі Магілёў прывядуць у «ідэальны стан». «Дзякуй Богу, у гарадзкім бюджэце зьявіўся які-ніякі прафіцыт», — падае словы кіраўніка дзяржавы Белта.
У Магілёве Аляксандар Лукашэнка наведаў шэраг мясцовых прадпрыемстваў. Знаходзячыся на акцыянэрным таварыстве «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудаваньня», кіраўнік дзяржавы выказаўся наконт працоўных месцаў у Беларусі.
«Галоўны мой клопат — каб людзі былі занятыя, але з адной толькі ўмовай: калі яны хочуць працаваць. Для тых, хто жадае працаваць, я гатовы рабіць усё, каб яны знайшлі сваё працоўнае месца. І такіх працоўных месцаў і ўмоваў для стварэньня працоўных месцаў сёньня дастаткова», — адзначыў Лукашэнка.