Журналіст Раман Якаўлеўскі працаваў з Паўлам Шараметам у «Белорусской деловой газете»:
«Павал Шарамет у 22 гады — гэта была сярэдзіна 1990-х — вёў надзвычай цікавую праграму і прафэсійную праграму на Беларускім тэлебачаньні — „Праспэкт“. Тады гэта была зьява на тэлебачаньні. Цяпер такіх праграм у беларускім тэлеэфіры няма. Як няма і такіх бліскучых вядоўцаў. І літаральна пасьля кожнага эфіру мы абменьваліся меркаваньнямі, што атрымалася, што — не. Я тады зьдзіўляўся — такі малады, „зялёны“, і адначасова такі круты прафэсіянал. Прытым, ён быў ня проста вядоўцам, а экспэртам у пытаньнях эканомікі — маладым, задорным, таленавітым.
У 1995 — 96 годзе Павал Шарамет быў пастаянным удзельнікам праграмы „Бізнэс-актуаліі“ на Радыё 101,2. Дарэчы, у Паўла была добрая эканамічная адукацыя — ён скончыў вельмі прэстыжны ў тыя часы „наргас“. Разам з радыёвядоўцам Вольгай Караткевіч яны так дасьціпна, зразумела, цікава размаўлялі пра складаныя эканамічныя катэгорыі! Тры тыдні таму сышла Вольга, ужо няма Паўла.
Павал Шарамет быў блізкім сябрам Барыса Нямцова. І невыпадкова Шарамет быў вядоўцам жалобнай цырымоніі разьвітаньня зь Нямцовым у Сахараўскім цэнтры.
Шарамет быў пажаданым госьцем на Радыё Свабода, на тэлеканале „Дождж“, яго туды запрашалі як вядомага журналіста і мэдыяэкспэрта, які цудоўна арыентаваўся ў сытуацыі ў Беларусі, Расеі, Украіне.
У апошні час Павал шмат пісаў пра нацыянальную сьвядомасьць. Літаральна днямі на партале „Беларускі партызан“ зьявіўся яго артыкул „Урокі ўкраінскай“, ён распавядае, што нядаўна ён купіў падручнік беларускай мовы.
І яшчэ я згадваю маму Паўла Шарамета, Людмілу Станіславаўну. Калі ў канцы 1990-х ён разам зь Дзьмітрыем Завадзкім сядзеў у Гарадзенскай турме за рэпартаж зь беларуска-літоўскай мяжы, мама сказала: „Лукашэнка маіх сьлёз не дачакаецца“. Мне падаецца, асноўныя рысы характару Паўла Шарамета — цьвёрдасьць і прынцыповасьць — у яго ад сям’і, ад выхаваньня».