Камандуючы базы ВПС ЗША «Інджырлік» у Турэччыне затрыманы. Пра гэта паведаміў прадстаўнік ураду Турэччыны.
Генэрал Бекір Эркан Ван затрыманы па падазрэньні ў дачыненні да спробы ваеннага перавароту. Разам з Эрканам Ванам затрымалі яшчэ дзесяць высокапастаўленых афіцэраў.
Турэцкія ўлады раней заблякавалі базу, забараніўшы ўезд і выезд і адключыўшы электрычнасьць. Міністар замежных справаў Турэччыны Мэўлют Чавушаглу 16 ліпеня заяўляў, што вайскоўцы з базы «Інджырлік» удзельнічалі ў спробе перавароту. Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры адпрэчваў дачыненьне ЗША да паўстаньня.
База «Інджырлік» выкарыстоўваецца ЗША для барацьбы з тэрарыстычнымі групоўкамі ў Сырыі, у прыватнасьці для нанясеньня удараў па «Ісламскай дзяржаве». Раней 17 ліпеня паведамлялася аб затрыманьні шасьці тысяч чалавек, якія падазраюцца ў спробе ваеннага перавароту. Сярод арыштаваных і затрыманых — высокапастаўленыя вайскоўцы, а таксама судзьдзі і пракуроры.
Мяцеж пачаўся позна ўвечары 15 ліпеня, у ноч на 17 ліпеня Нацыянальная выведвальная арганізацыя Турэччыны абвясьціла, што пераварот падаўлены. У выніку спробы перавароту загінулі 265 чалавек, у тым ліку мірныя грамадзяне.
Прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган паабяцаў у нядзелю, што працягне чысьціць «вірус», адказны за спробу дзяржаўнага перавароту ў пятніцу ва ўсіх дзяржаўных установах — і спаслаўся на свайго даўняга суперніка, які знаходзіцца ў ЗША, сьвятара Фетхулаха Гюлена.
Выступаючы на пахаваньні забітых пры сутыкненьні ў пятніцу, Эрдаган сказаў, што спроба перавароту, зьдзейсьненая «тэрарыстычнай групоўкай» на чале з Гюленам, была падаўленая, як ён выказаўся, нацыянальнай воляй. Ён сказаў, што сябраў групы Гюлена, якая, на яго думку, «сапсавала узброеныя сілы», арыштоўваюць ва ўсіх шэрагах арміі, авіяцыі і флёту.