Спэцыялісты-радыёлягі цэнтраў гігіены і эпідэміялёгіі праверылі харчовыя прадукты й так званыя «дары лесу» практычна ў кожным раёне. 42 пробы чарніц аказаліся непрыдатнымі для спажываньня. Удзельная актыўнасьць цэзію-137 у іх складала ад 186 да 4177 бэкерэляў на кіляграм. Дапушчальны ўзровень для сьвежых ягад — 185 бэкерэляў. «Брудныя» ягады выяўлены ў бальшыні раёнаў Гомельшчыны — Брагінскім, Веткаўскім, Добрускім, Ельскім, Лельчыцкім, Мазырскім, Нараўлянскім, Рагачоўскім, Рэчыцкім, Сьветлагорскім, Хойніцкім і Чачэрскім.
Як адзначаюць радыёлягі, своеасаблівы «рэкорд» сёлетняга сэзону належыць чарніцам, сабраным каля вёскі Матнявічы Чачэрскага раёну. Утрыманьне радыеактыўнага цэзію ў іх дасягнула 4177 бэкерэляў, гэта ў 22 разы вышэй, чым прадугледжана РДУ-99.
Непрыдатнымі для спажываньня аказаліся і чарніцы, сабраныя каля вёскі Грушаўка Нараўлянскага раёну — дазымэтрычны прыбор налічыў у іх радыяцыйнага цэзію 1400 бэкерэляў на кіляграм.
Не парадавалі зборшчыкаў і грыбы, сабраныя ў Брагінскім і Мазырскім раёнах. Удзельная актыўнасьць радыяцэзію ў першым выпадку склала 609 бэкерэляў, у другім — 722, пры максымальна дапушчальным узроўні 370 бэкерэляў.
Зрэшты, грыбы на Гомельшчыне сустракаліся і больш «брудныя». У Хойніцкім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі прыгадвалі такі факт: у 2012 годзе на праверку да іх трапілі баравікі зь вёскі Дубровіца, у якіх узровень радыенуклідаў цэзію-137 дасягаў 17 010 бэкерэляў, або ў 45 разоў вышэй за дапушчальны ўзровень. Па сутнасьці, грыбы нагадвалі міні-рэактары.