Генэральная пракуратура завяршыла расьсьледаваньне факта сьмерці ў СІЗА № 1 жыхара Менску Ігара Пцічкіна.
Паводле інфармацыі Праваабарончага цэнтру «Вясна», крымінальная справа па прыцягненьні ў якасьці абвінавачанага фэльчара мэдычнай часьці СІЗА № 1 А. Крылова за неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць пацыента, неўзабаве будзе накіраваная ў суд.
Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка, камэнтуючы рашэньне Генэральнай пракуратуры, адзначае важнасьць расьсьледаваньня фактаў жорсткага абыходжаньня са зьняволенымі.
«Гэта вельмі важнае рашэньне Генэральнай пракуратуры, якое сьведчыць пра тое, што жорсткаму абыходжаньню са зьняволенымі можа быць дадзена належная ацэнка. На жаль, беларускае заканадаўства не прадугледжвае наўпрост адказнасьці за жорсткае абыходжаньне. Тым ня менш паводзіны супрацоўніка СІЗА не застануцца беспакаранымі. На падставе часткі 2 артыкула 162 КК неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў мэдыцынскім работнікам, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць пацыента, караецца абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін са штрафам і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю або без пазбаўленьня», — цытуе Сапелка сайт spring96.org.
Мянчук Ігар Пцічкін памёр у СІЗА 4 жніўня 2013 году празь некалькі дзён адседкі на «Валадарцы», дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы правоў. Адміністрацыя ізалятара заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, аднак сваякі знайшлі на целе сінякі і сьляды пашкоджаньняў і дамагліся ўзбуджэньня крымінальнай справы, якая некалькі разоў прыпынялася.