Перад прыездам Лукашэнкі на віцебскіх вуліцах зьявіліся міліцыянты-«партызаны»

Асабісты дагляд мінакоў людзьмі ў цывільным

«Парызанамі» ці «апалчэнцамі» віцябляне і госьці гораду ахрысьцілі людзей у цывільным, якія праводзілі асабістыя дагляды мінакоў. Яны не тлумачылі, да якога структурнага падразьдзяленьня МУС прыналежаць.

Адзіным элементам «формы» як у мужчын, так і ў жанчын былі толькі белыя пальчаткі з тканіны. У іх яны праводзілі праверкі зьмесьціва сумак. А мэталашукальнікамі правяралі адзеньне кожнага мінака.

Апрача гэтага, у Віцебску былі заўважаныя безьліч людзей у цывільным з рацыямі — маладзейшыя ў джынсах і кашулях, старэйшыя — у клясычных гарнітурах — пачалі зьяўляцца на вуліцах яшчэ а 17-й вечара. Яны так пільна аглядалі кожнага, хто трапляў у поле зроку, што цывільнае адзеньне ніякім чынам не маскіравала мэты знаходжаньня на цэнтральных вуліцах.

Супрацоўнікі ДАІ таксама зьявіліся на маршруце сьледаваньня картэжу Аляксандра Лукашэнкі каля 17-й гадзіны, хаця ён прыбыў да месца правядзеньня «Славянскага базару» ў суправаджэньні машын з сырэнамі толькі каля 21.45

У сваім выступе падчас цырымоніі адкрыцьця Лукашэнка гаварыў пра тое, што фэстываль ёсьць працягам культурніцкіх традыцый, распачатых тымі, хто нёс беларускаму народу асьвету і мастацтва. У гэтым шэразе ён згадаў Эўфрасіньню Полацкую, Уладзімера Караткевіча, Васіля Быкава. Сваю прамову Аляксандар Лукашэнка чытаў па паперцы. А падчас узнагароджаньня дзеячоў культуры жартаваў, што ўзнагарод для іншых яму не шкада, бо сам іх мае вельмі шмат.

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што менавіта ён «уратаваў фэстываль» у сярэдзіне 1990-х, калі «Славянскі базар» хацелі адправіць вандраваць па сьвеце«. Ідэя ратаваньня ўвасобілася ў тым, што музычны конкурсны фэст ператварыўся ў культуралягічны праект Саюзу Беларусі і Расеі.

Падчас адкрыцьця былі традыцыйна ўручаныя ўзнагароды, у тым ліку адмысловая ўзнагарода «Цераз мастацтва — да міру і ўзаемаразуменьня», якую атрымаў народны артыст Беларусі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі і прэміі Саюзнай дзяржавы, прафэсар Міхаіл Фінбэрг і ягоны аркестар.

Афіцыйная частка была зусім непрацяглай, і менш як праз паўгадзіны пачаўся канцэрт: сёлета самы высокі кошт на квіткі быў амаль два мільёны недэнамінаваных рублёў. Сярод гледачоў можна было заўважыць кіраўнікоў гораду і вобласьці, дырэктараў віцебскіх прадпрыемстваў. Традыцыйна вялікая колькасьць квіткоў на фэстывальныя канцэрты распаўсюджваецца па арганізацыях і ўстановах «у добраахвотна-прымусовым парадку».

Фэстывальны вечар на вуліцах


Далёка ня ўсе госьці фэстывалю імкнуцца трапіць на канцэрты «Славянскага базару». Найчасьцей віцябляне і госьці гораду бавяць час на вулічных вэрнісажах, распродажах і «Задзьвінскім кірмашы», дзе можна набыць недарагія тавары лёгкай прамысловасьці або вырабы народных майстроў і рамесьнікаў.

«Бульбяны» трактар «прыехаў» у Віцебск з Шумілінскага раёну