Прэтэндэнты ў кандыдаты ад дэмакратычных партый адзначаюць няроўныя ўмовы ў выбарчай кампаніі і сьведчаць пра тое, што чыноўнікам забаронена ставіць за іх подпісы.
У Слоніме прэтэндэнт у кандыдаты ад БХД Алесь Масюк і кіраўнік ягонага штабу Іван Бедка атрымалі позвы ў міліцыю за нібыта несанкцыянаваны пікет, з часу якога мінула ўжо чатыры месяцы. Улады вінавацяць актывістаў у арганізацыі пікету на падставе таго, што разам зь іншымі актывістамі Масюк і Бедка сфатаграфаваліся на ўезьдзе ў Слонім з плякатам аб патрабаваньні вызваліць Надзею Саўчанку.
Алесь Масюк патлумачыў Свабодзе, што не хадзіў у міліцыю. Ён кажа, што здымак рабілі чатыры месяцы таму, а пікету ніякага не праводзілі.
Іван Бедка перакананы, што гэта нішто іншае, як спроба націснуць на яго і ягоных сяброў падчас выбарчай кампаніі.
«Чарговы раз хочуць на нас націснуць, лішні раз напалохаць. Але нам няма чаго баяцца, паколькі мы парадак не парушалі, нічога дрэнна не рабілі, а падтрымалі Надзею Саўчанку, якую незаконна судзілі. Я так і сказаў міліцыянтам, што здымкі ў інтэрнэце, паводле заканадаўства, не зьяўляюцца сьведчаньнем супраць мяне. Яны ж добра разумеюць, што выйшлі ўсе тэрміны, але робяць сваё. У той жа час нікога з праўладных прэтэндэнтаў міліцыя не турбуе».
Віктар Марчык таксама ў Слоніме і раёне зьбірае подпісы за прэтэндэнта ў кандыдаты ад дэмакратычнага абʼяднаньня Слоніма Івана Шэгу. Кажа, што ўжо сабралі тысячу подпісаў.
«Мы стаім пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і да гэтае пары да нас падыходзяць людзі і пытаюцца — што гэта за сьцягі? Асабліва ў вёсках. Прычым, часта пытаюцца тыя, хто жыў у той час, калі сьцяг быў дзяржаўным. Цікавіцца таксама і маладыя. Мы цярпліва людзям расказваем гісторыю Беларусі. Адзін мужчына ў Слоніме падбег і запатрабаваў „прыбраць фашысцкі сьцяг“, але мы яму таксама распавялі пра сьцяг».
Марчык дадае, што чыноўнікі ў горадзе, і нават некаторыя жыхары вёсак, якія працуюць у сельсавеце, подпісы за іх вылучэнца ставіць адмаўляюцца, спасылаючыся на тое, што «ім нельга».
У Астравецкім раёне актывіст АГП Мікалай Уласевіч, які некалькі гадоў выступае супраць будаўніцтва атамнай станцыі ў іх раёне, вылучаецца на адной акрузе з старшынёю райвыканкаму.
Сам Уласевіч згадвае, што яны даўно канкуруюць. Некалі, працуючы ў школе настаўнікам, ён запатрабаваў ад старшыні райвыканкаму, каб настаўнікам у час выплочвалі заробкі. Заробкі пачалі выплочваць, але зь першага верасьня Ўласевічу не працягнулі кантракту і ён ня меў магчымасьці некалькі гадоў да пэнсіі ўладкавацца працаваць настаўнікам.
Сябра ініцыятыўнай групы Ўласевіча Іван Крук кажа, што пікеты яны праводзяць нават насупраць выканкаму, людзі падыходзяць пагаворыць, але подпісы ставіць не сьпяшаюцца. І зусім іншая справа, калі пачалі хадзіць па кватэрах — ахвотных паставіць подпіс значна болей. Паводле Крука, многія надалей баяцца ў адкрытую нават паставіць подпіс.
«Самае цікавае, што пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы старшыні райвыканкаму ў раённай газэце пра гэта напісалі і зьмясьцілі фота вылучэнца. А пра тое, што зарэгістравалі ініцыятыўную групу Ўласевіча, не паведамілі. Уласевіч зьвярнуўся з патрабаваньнямі ў рэдакцыю, каб там прытрымліваліся роўных умоваў для прэтэндэнтаў у кандыдаты. Так што паглядзім, як улада забясьпечваць роўныя ўмовы. Пакуль відавочна адваротнае».
Ірына Давідовіч з АГП разам з сваёй ініцыятыўнай групай езьдзіць зьбіраць подпісы па вёсках. Расказвае, што зазвычай да іх падыходзяць людзі, якім ня трэба нічога тлумачыць пра апазыцыю.
«Сёньня мы былі ў Трабах і мелі вельмі цікавае назіраньне: людзі, якія падыходзілі да нас, казалі, што ведаюць чаго дамагаецца апазыцыя, называлі нам партыі і лідэраў, ставілі подпісы. І вельмі прасілі: ну зьмяніце вы наша жыцьцё хутчэй...»