«Кампанія Velcom дзейнічае ў строгай адпаведнасьці з нормамі беларускага заканадаўства, якія рэглямэнтуюць правядзеньне апэратыўна-вышуковай дзейнасьці,» — так пракамэнтаваў кампаніі БелаПАН начальнік аддзелу карпаратыўных камунікацый Velcom Вячаслаў Сьмірноў справаздачу «Міжнароднай амністыі».
У артыкуле 11 закону «Аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці» гаворыцца: «Арганізацыі ў сувязі з ажыцьцяўленьнем апэратыўна-вышуковай дзейнасьці абавязаныя падаваць органам, якія ажыцьцяўляюць апэратыўна-вышуковую дзейнасьць, бясплатна зьвесткі з баз дадзеных, інфармацыйных сыстэм, уласьнікамі якіх яны зьяўляюцца, шляхам аддаленага доступу і (або) на матэрыяльных носьбітах інфармацыі ў адпаведнасьці з дамовамі паміж органамі, якія ажыцьцяўляюць апэратыўна-вышуковую дзейнасьць, і арганізацыямі, калі іншае ня вызначанае заканадаўчымі актамі».
Супрацоўніца прэсавай службы МТС адказала Радыё Свабода, што камэнтароў ня будзе.
У кампаніі life:) параілі Радыё Свабода зьвярнуцца з афіцыйным запытам у пісьмовым выглядзе, і калі мабільны апэратар палічыць патрэбным, то дасьць адказ.
У справаздачы «Міжнароднай амністыі», апублікаванай 7 ліпеня, гаворыцца, што мабільныя апэратары, якія працуюць у Беларусі, «даюць уладам практычна неабмежаваны доступ да зьвестак сваіх кліентаў, як гэтага патрабуе беларускае заканадаўства». «Кампаніі, што працуюць у Беларусі, павінны падаць уладам зьвесткі пасьля першага патрабаваньня. Такім чынам, калі КДБ, да прыкладу, хоча за кімсьці сачыць, няма неабходнасьці паказваць судовую пастанову і прасіць кампаніі аб даваньні доступу», — адзначае праваабарончая арганізацыя.