Новы Алексіевіч-батл пачаўся гэтым разам на міжнародным узроўні – «МЗС Польшчы абуранае словамі Алексіевіч пра забойства палякамі габрэяў».
Як і ў папярэдніх выпадках Алексіевіч-батлаў, у беларускім сеціве назіраю перапляценьне дзьвюх адрозных тэмаў. Адны камэнтатары выказваюцца пра асобу Сьвятланы Алексіевіч як такую, мінаючы сам прадмет батлу, агульна разважаюць пра значнасьць прэміі, уплыў асобы набэліянта на грамадзкасьць і да т.п. Іншыя – гавораць на канкрэтную тэму, якая ўласна і выклікала батл. Калі каротка, у маім разуменьні, – «Польшча была нумар адзін у антысэмітызьме сярод акупаваных нацыстамі народаў». Прынамсі, так успрымаецца фраза «палякі найгорш за ўсіх ставіліся да габрэяў».
Што да тэмы асобы, я бачу стылістычную агрэху, калі чалавек хацеў сказаць пра адно – пра зло ўнутры чалавека падчас экстрэмальнай сытуацыі. А атрымалася іншае – ярлык на народ (народы, разам з украінцамі і латышамі). Больш чэсна было б за прыклад узяць антысэмітызм у Беларусі, калі ты беларускі грамадзянін. Але, відаць, спрацавала бракаваная БССРаўская школьная адукацыя, калі акцэнт у злачынствах падчас вайны рабіўся на суседзях.
Відавочна, што швэдзкія нобэлеўскія акадэмікі, выдаўцы кніг і прадусары сустрэчаў з публікай Сьвятланы Алексіевіч будуць вымушаныя дазнацца шмат новага пра ўсходнеэўрапейскія акалічнасьці драмы Другой сусьветнай вайны. Бо заява польскага Міністэрства замежных спраў – ня «батл у фэйсбуку». Гэта заява важнай краіны Эўразьвязу.
Але самае галоўнае, спадзяюся, што самім беларусам давядзецца зірнуць на Другую сусьветную вайну праз прызму новых для сябе фактаў.
Пачытаць артыкулы гісторыкаў пра колкасьць беларусаў-калябарантаў з нацысцкім рэжымам. Пра колькасьць тых, хто браў удзел у карных апэрацыях супраць этнічных габрэяў і этнічных беларусаў. Узгадаць пра «подзьвігі» расейскіх казакоў у Беларусі падчас акупацыі, якіх замоўчваюць, але пастаянна ўзгадваюць карнікаў зь іншых суседніх тэрыторыяў.
Сьвятлана Алексіевіч у ня вельмі карэктнай форме закранула фактычна табуяваную ў Беларусі тэму – зло ў Беларусі падчас вайны было больш шматаблічным, чым прынята ў чорна-белай савецкай міталёгіі «нашых і нянашых». Антысэмітызм сярод савецкіх партызанаў, відаць, будзе самым непрыемным адкрыцьцём для большасьці сучаснай беларускай публікі ў тэме шматаблічнасьці.
Тэма, якая закранаецца ў апошняй кнізе Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд», і якую ў адной з гісторый цытуе сама аўтарка.
Калі браць першую тэму – асобы Сьвятланы Алексіевіч, спадзяюся, убачым яшчэ не адно інтэрвію самой яе ды іншых людзей, якія актывізавалі другую тэму. Тэму нашага ўласнага, суседзкага і сусьвецкага бачаньня падзеяў той вайны, якая дагэтуль ня вырашаная, не асэнсаваная, не перажытая інтэлектуальна і эмацыйна.
Бо многія з нас, як і Алексіевіч, чулі сьведчаньні пра вайну ад непасрэдных удзельнікаў падзеяў: бацькоў, дзядуляў, бабуль, а хтосьці і ад прадзядуляў і прабабуль.
І калі выпадае за штосьці каяцца, то трэба пачынаць зь сябе.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.