Паводле папярэдняй інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Турэччыны, грамадзян Беларусі сярод пацярпелых пры выбухах у аэрапорце Стамбула няма.
Your browser doesn’t support HTML5
Турэцкія афіцыйныя асобы паведамілі, што тры сьмяротнікі прыехалі ў аэрапорт на таксі і падарвалі сябе ля ўваходу, непадалёк ад зоны рэгістрацыі пасьля перастрэлкі з паліцыяй. Адзін са зламысьнікаў у камізэльцы з выбухоўкай перад выбухам пачаў страляніну з аўтамата па пасажырах.
Па словах відавочцаў, у аэрапорце прагрымелі тры магутныя выбухі, з-за чаго прагнуўся дах будынка, пачалася паніка сярод пасажыраў.
Your browser doesn’t support HTML5
Людзей з аэрадрома эвакуявалі, самалёты перанакіравалі ў бліжэйшыя аэрапорты, выходныя рэйсы адмянілі, але па паведамленьнях паводле стану на 3:00 па мясцовым часе паветраныя зносіны аднавілі. У той жа час ЗША спынілі ўсе рэйсы ў і з Стамбула.
Міністар юстыцыі Турэччыны Бекір Боздаг паведаміў таксама пра прыкметы выбуху ля станцыі мэтро, прылеглай да аэрапорта.
Прэм’ер-міністар Турэччыны Біналі Йылдырым заявіў, што па агульных прыкметах тэракт у аэрапорце падобны на той, што зьдзейсьнілі баевікі групоўкі «Ісламская дзяржава» ў Брусэлі ў сакавіку.
Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган асудзіў напад, заявіўшы, што пацярпелі «нявінныя грамадзянскія асобы». Ён ня выключыў, што такія «жудасныя» напады могуць адбыцца ў любым аэрапорце сьвету.
«Мы заклікаем сьвет, асабліва заходнія краіны, заняць цьвёрдую пазыцыю ў барацьбе з тэрарызмам», — сказаў турэцкі прэзыдэнт.
Белы дом, ААН, Нямеччына і іншыя краіны таксама рашуча асудзілі напад.
«Міжнародны аэрапорт Атацюрка, як і аэрапорт Брусэля, раней ужо атакаваны ў гэтым годзе, зьяўляецца сымбалем міжнароднага адзінства і агульнага адзінства», — сказаў прадстаўнік Белага дома Джош Эрнэст.
«Мы, як і раней, цьвёрдыя ў нашай падтрымцы Турэччыны, нашага саюзьніка і партнэра НАТО», — дадаў ён.
Турэччына за апошнія месяцы пацярпела ад шэрагу нападаў, у зьдзяйсьненьні якіх абвінавачваюць курдзкіх баевікоў і экстрэмістаў групоўкі «Ісламская дзяржава».