У аэрапорце імя Атацюрка ў Стамбуле адбыліся выбухі. Пра гэта паведамляе CNN Turk.
Паводле дадзеных турэцкіх СМІ, адбылося як найменей два выбухі, акрамя гэтага з аэрапорта былі чуваць стрэлы. Як распавёў тэлеканалу сьведка здарэньня, агонь быў адкрыты на аўтастаянцы ў аэрапорце Стамбула. Прадстаўнікі ўлады ўдакладнілі, што страляніну ў міжнародным тэрмінале вяла паліцыя, каб нэўтралізаваць злачынцаў.
Паводле інфармацыі турэцкіх уладаў, як найменей 60 чалавек параненыя, 28 загінула. Лічбы ўдакладняюцца.
Генэральнае консульства Беларусі ў Турцыі высьвятляе, ці ёсьць сярод пацярпелых грамадзяне Беларусі.
Прадстаўнік турэцкіх уладаў заявіў агенцтву AP, што пакуль незразумела, ці былі бомбы закладзеныя ў памяшканнях або іх ўзарвалі тэрарысты-смяротнікі.
Таксама паведамляецца, што заплянаваныя да вылету рэйсы з аэрапорту Стамбула ў сувязі з выбухамі адмененыя, пасажыраў разьмяшчаюць ў гатэлях. Відэа, зьнятае адным з пасажыраў аэрапорта:
Аэрапорт Стамбула — адзін з найбуйнейшых у Эўропе, ён уваходзіць у дваццатку самых буйных аэрапортаў сьвету. Так у 2015 годзе ім скарысталася больш як 61 мільён чалавек. На тэрыторыі аэрапорту знаходзіцца штаб-кватэра турэцкай нацыянальнай авіякампаніі Turkish Airlines.
Выбухі і напады апошнім часам сталі для Турцыі трагічнай рэальнасьцю. Адказнасьць за арганізацыю нападаў нярэдка бяруць на сябе ўзброеныя фармаваньні курдзкіх сэпаратыстаў. Аднак, як адзначаецца ў камэнтарах у сувязі зь цяперашнім нападам у Стамбуле, курдзкія паўстанцы, як правіла, не нападаюць на цывільныя аб’екты. Такі почырк хутчэй уласьцівы джыхадзістам. Адказнасьць за выбухі ў аэрапорце Стамбула ўвечары ў аўторак 28 чэрвеня на момант напісаньня інфармацыі яшчэ ніхто на сябе ня ўзяў.