Беларускім добраахвотнікам на Данбасе пачалі выдаваць ваенныя білеты

Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны. Фота з Фэйсбуку

Добраахвотнікі з Тактычнай групы «Беларусь» пачалі праходзіць працэдуру афармленьня ва ўкраінскай арміі.

На афіцыйнай старонцы ТГ «Беларусь» у Фэйсбуку некалькі дзён таму зьявілася фота добраахвотніка з украінскім ваенным білетам.

«Цяпер будзем бараніць Украіну афіцыйна», — адзначалася ў допісу.

«Частка нашых байцоў цяпер праходзіць працэдуру афармленьня ва ўкраінскую армію. Гэта неабходна для атрыманьня прафэсійнага баявога досьведу і больш легальнага статусу», — растлумачылі сайту naviny.by прадстаўнікі ТГ «Беларусь».

Байцы, якія атрымалі ваенны білет, падпісваюць кантракт з украінскай вайсковай часткай. Беларускія добраахвотнікі выбралі элітную частку, якая трапіла пад ваенную рэформу.

«Там інструктары з ЗША і іншых краін НАТО. Спадзяемся атрымаць там неабходныя веды», — распавялі добраахвотнікі.

Паводле іх слоў, вайна ва Ўкраіне дае добраахвотнікам магчымасьць «падрыхтавацца да таго, каб у Беларусі не паўтарыўся «крымскі сцэнар».