Аўтар юбілейнага артыкулу апісвае «Хатку» не шкадуючы ўзьнёслых эпітэтаў і падкрэсьлівае, што яна «з’яўляецца не толькі музеем, але і цэнтрам беларускай культуры. Тут пастаянна адбываюцца літаратурныя і музычныя вечарыны, сустрэчы з пісьменьнікамі, мастакамі, дзеячамі культуры і мастацтва».
Усё гэта выглядае як дурны жарт, калі б сапраўды хацелася жартаваць. Па першым часе, калі культур-мультурныя ўлады «Хатку» зачынілі на рамонт (адбылося гэта ў 2008-м), якіясь анэкдоты, мажліва, і ўзьнікалі. Але за восем гадоў гумарыстычныя тэндэнцыі вычарпалі сябе: за восем гадоў чыноўнікі так і не змаглі правесьці ў цалкам прыстойны, з добрай прадуманай экспазыцыяй музэй некалькі каналізацыйных трубаў. Адзіны дзяржаўны падрадчык для музэяў то згаджаўся, то адмаўляўся, то ставіў у плян, то забываўся пра ягоны рамонт. Таму «літаратурныя і музычныя вечарыны, сустрэчы з пісьменьнікамі, мастакамі, дзеячамі культуры і мастацтва» там забароненыя з увагі на санітарныя нормы. Зрэшты, каля музэю рэгулярна можна сустрэць супрацоўніка музэю, вядомага паэта і музыку, які, залежна ад надвор’я, мэтар за мэтрам абкошвае касой траву, зграбае граблямі лістоту альбо адкідвае лапатай сьнег. Але і ён наўрад ці пагодзіцца правесьці чытаньні альбо прасьпяваць колькі песень ці то ў самым музэі, ці то на выдатнай адкрытай пляцоўцы перад ім. Бо вакол «Хаткі» высяцца муры ўнівэрсытэту культуры, адкуль лёгка можа паступіць трывожны званок.
«Хатка», у якой разам зь сям’ёй Зьмітрака Бядулі жыў свае менскія месяцы ў 1916-1917 Максім Багдановіч, – адзіны аўтэнтычны будынак ва ўсім багдановіцкім музэйным комплексе сталіцы. Зрэшты, і ў комплексе «няма таго, што раньш было»: у 2008-м засталіся бяз «Хаткі»; у юбілейны 2011 год зачыніўся на капітальны рамонт галоўны музэй у Траецкім – зь ліквідацыяй экспазыцыі праблем не было, а вось на новую грошай няма; неўзабаве добрыя людзі зь Мінкульту вырашылі зьвесьці літаратурныя музэі ў адзін холдынг і прышвартавалі Багдановіча і Броўку да ўстановы «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры». З купалаўскім і коласаўскім музэямі, праўда, у іх узьніклі праблемы і непераадольныя перашкоды, дзякуючы чаму ідэя холдынгу развалілася, але і назад крокаў рабіць ня сталі. Балазе, зьніжэньне статусу музэю Багдановіча да філіялу выдатна клалася на патрабаваньне пра скарачэньне штатаў і выдаткаў. Апошнім па часе чынам па разьвіцьці багдановіцкага комплексу стала рэарганізацыя гарадзенскай музэйнай філіі па вул. 1 мая, 10 у літаратурны аддзел УК «Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей».
Цікава, што яшчэ прыдумае культурная ўлада на 125-я ўгодкі з дня нараджэньня Максіма Багдановіча, у так званы «Год культуры»? Аддасьць будынак у Траецкім пад піўны рэстаран і більярдны клюб (усё роўна ж экспазыцыі няма, чаму ж не заарандаваць вольныя плошчы)? Паразворвае зямлю вакол Ракуцёўшчыны ў мэтах павышэньня ўраджайнасьці і надояў на гектар? Наладзіць эксгумацыю магілы, каб перанесьці парэшткі ў Менск?
Ты крыкнуць ня вольны: «Ратуйце!»
І мусіш ты «Дзякуй» крычаць.
Можа, хоць гэтага не адбудзецца… Сьпі спакойна, Максім Адамавіч, у пуцінскім Крыме, на старых лівадзійскіх могілках. З замілаваньнем Тваю радзіму лепей сузіраць здаля.