Ніне Жызьнеўскай — 60. «Не дапушчу, каб імя майго сына забылася ў Беларусі»

Ніна Жызьнеўская, маці Міхася Жызьнеўскага

25 чэрвеня, Ніне Жызьнеўскай з Гомеля, маці беларускага героя Нябеснай Сотні Міхася Жызьнеўскага, споўнілася 60 гадоў. Свабода папрасіла юбілярку адказаць на некалькі пытаньняў.

—Ніна Васільеўна, ці адчуваеце Вы, што ў апошнія гады, калі ня стала сына Мішы, на Вас нявольна ўскладзены дадатковы мацярынскі абавязак: быць маці героя двух народаў — украінскага і беларускага?

—Мне наагул ня верыцца, што за плячыма такі вялікі адрэзак часу. Я выйшла на пэнсію, думала падлячуся, і буду чакаць Мішу — ён меўся прыехаць увесну 2014 году. І тут такое гора! Як сэрца вытрымала, сама ня ведаю. Першыя месяцы, апрача болю і пакутаў, я нічога не адчувала. Сьцяна, чорная сьцяна. А тут яшчэ злыя языкі ў той жа бальнічнай палаце пасьля апэрацыі на сэрцы: сын мой і «бандэравец», і «бандыт». Пляткарылі што папала.

Адагравала душу стаўленьне ўкраінцаў да Мішы і да мяне як маці, і да бацькі. Ды яшчэ падтрымка многіх беларускіх маладзёнаў, дэмакратычных актывістаў, журналістаў сілкавалі маё сэрца. Ну, і муж, Міхаіл Пятровіч, падтрымліваў, як мог. Усё суцяшаў: «Ты б паглядзела, як Кіеў разьвітваўся з нашым сынам, з усімі загіблымі абаронцамі Майдану — дзесяткі тысяч людзей. Літургія якая! Так герояў праводзяць». Вось я й пачала патроху разумець, што сын мой належыць ня толькі мне і нашай сям’i — ён і ўкраінцам належыць, і беларусам, хто лічыць, што свабода, чалавечая годнасьць не падаюць зь неба. За іх, бывае, трэба і пастаяць.

—Нешта зьмянілася ў Вашым жыцьці пасьля гэтага?

—Уся наша сям’я — мы сталі як бы публічнымі людзьмі. Да гэтага мы жылі ціха й непрыкметна, як і большасьць беларускіх сем’яў. Я рабіла на заводзе сантэхнарыхтовак, пасьля ў камунальнай службе. Міхаіл Пятровіч быў сьлесарам-сантэхнікам у фізкультурна-аздараўленчым комплексе, дачка Наташа пазьменна працавала на мясакамбінаце і завочна вучылася ва ўнівэрсытэце на біёляга. І тут сталі тэлефанаваць, выказваць спачуваньні, пісаць — з Украіны, Канады, Польшчы, Амэрыкі. Журналісты зь незалежных выданьняў сталі прыяжджаць. Гэта крыху адцягвала ўвагу ад гаротных думак.

—Вы неяк казалі, што была й рэальная дапамога , асабліва з украінскага боку?

—Так, была. І менавіта з украінскага боку. Бо мясцовыя ўлады нам нават не паспачувалі. На той час, калі Міша загінуў, мы жылі ў найманай кватэры на вуліцы Севастопальскай. Украінскі ўрад выдзеліў нам дапамогу — 121 тысячу грыўняў. Фінансавую падтрымку аказалі фонд Чарнавецкага, Прыірпінскі фонд, фонд Рэната Ахметава. Мы грыўні адразу абмянялі — выйшла 12 тысяч даляраў. Склалі гэтыя грошы, а колькі не хапіла — дачка ўзяла крэдыт. І такім чынам купілі непадалёку невялічкую двухпакаёўку — побач з баракам, дзе некалі жылі, і дзе Міша, па сутнасьці, вучыўся хадзіць.

—Вас жа і Міхаіла Пятровіча запрашаў у сваю рэзыдэнцыю і ўкраінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка?

—Увосень 2014 году мы ўдваіх езьдзілі на адкрыцьцё помніка нашаму сыну на вуліцы Грушэўскага — побач з тым месцам, дзе ён загінуў. Я тады проста каля помніка зьвярнулася да кіяўлян, да жыхароў Ўкраіны, каб яны дапамаглі данесьці да прэзыдэнта Парашэнкі: трэба неяк зьмяніць параграф ці літару ў законе, каб і неграмадзяне Ўкраіны, якія загінулі — мой сын і двое грузін —таксама маглі атрымаць званьне Героя Ўкраіны.

Пётар Парашэнка і ягоная жонка ўскладаюць кветкі да помніка Міхасю Жызьнеўскаму, 20 студзеня 2016


Прэзыдэнт Ўкраіны пачуў нас, і праз валянтэраў запрасіў у сваю рэзыдэнцыю. Ён вельмі цёпла сустрэў нас. Аказалася, што Пётр Парашэнка асабіста ведаў Мішу, і адгукаўся пра яго як пра справядлівага хлопца і міратворацу, бо на барыкадах сын імкнуўся вырашаць канфлікты паміж «бэркутаўцамі» Януковіча і пратэстоўцамі Майдану мірным шляхам. І атрымаў кулю ў сэрца ад сілавікоў.

Тады ж Парашэнка ўручыў нам ордэн Герояў Нябеснай Сотні, якім пасьмяротна ўганараваны сын. І запэўніў, што будзе імкнуцца, каб Вярхоўная Рада ўнесла зьмены ў заканадаўства. і найвышэйшае званьне можна было надавацьі не грамадзянам Украіны.

Так што мне трэба мацавацца, каб дачакацца гэтага моманту. Цяпер спрабую зьвязацца з Надзеяй Саўчанкай — яна ж дэпутат Вярхоўнай Рады, і, можа, неяк прысьпешыць калег-законатворцаў.

—Ніна Васільеўна, сёлета Вас з Міхаілам Пятровічам бачылі ў Менску на сьвяточным шэсьці з нагоды Дня Волі — Вы трымалі партрэт сына. Гэтым Вы хочаце неяк падтрымаць шлях Беларусі да дэмакрытычных пераменаў?

—Мы цяпер, пакуль будуць сілы, заўсёды будзем езьдзіць на такія імпрэзы. Беларусі сапраўды трэба рухацца да дэмакратычных пераменаў. Мы ў Менску спыняліся ў кінарэжысэркі Вольгі Мікалайчык. Яна якраз у той дзень размаўляла праз тэлефон з Станіславам Шушкевічам. Дык ён, як толькі пачуў пра мяне, дык адразу папрасіў даць мне слухаўку. Так цёпла павітаў мяне, назваўшы «галоўнай беларускай маці».

А калі я «галоўная маці» (усьміхаецца), то не дапушчу, каб імя майго сына забылася ў Беларусі. Бо ён жа загінуў ня толькі за свабоду Ўкраіны, але й нашай Беларусі. Відаць, з гэтай прычыны яго імя імкнуцца ня згадваць афіцыйныя ўлады і СМІ, а калі й згадваюць, то малююць чорнай фарбай. Праціўнікі пераменаў яшчэ й шкодзяць. Летась на надмагільным помніку выдрапалі нечым вострым па-расейску «предатель», а сёлета жоўта-блакітныя стужачкі, якія прывезьлі ўкраінцы і павязалі на агароджу, парвалі, парэзалі ды скульптурку ангелочка раструшчылі. Сын у зямлі, а ён усё камусьці замінае. Баяцца, мусіць, што памяць пра яго самога і ўкраінскі Майдан будзе жыць. Іначай не чапалі б.

Ды яшчэ дачку нашу, родную сястру Мішы, на працы ўпікаюць: брат такі й сякі, а Ўкраіна бацькам штомесячна дапамогу прысылае — па два з паловай мільёны на кожнага.

Ніна Жызьнеўская з дачкой Наташай і мужам Міхаілам

—А што Вас хоць неяк суцяшае ў гэтым жыцьці?

—Нас з бацькам суцяшае тое, што мы выгадавалі годных дзяцей. І Міша наш не п’яніца, не наркаман, а герой украінскай Нябеснай Сотні. Мне спакайней цяпер, што ён спачывае дома, на радавых могілках у Абрэзах, дзе пахаваны бацькі і ўся радня. І дзе я буду.

Міхаіл Пятровіч Жызьнеўскі, муж Ніны Васільеўны, дадае, што іх сэрцы крыху суцяшае тое, што сын загінуў за свабоду двух народаў — украінскага й беларускага: «Ад простага люду Беларусі падтрымку мы, канечне, маем, але не ад кіраўніцтва. Будзе новае кіраўніцтва, будзе й новае стаўленьне да сына як героя Нябеснай Сотні. Ён быў душою як за Ўкраіну, так і за Беларусь. Проста хацеў, каб людзі жылі ў свабодзе, а ня ў тым мітычным стане, які ў нас называюць свабодай і дэмакратыяй».

—Скажыце, Ніна Васільўена, а ці былі сёньня нечаканыя для Вас віншаваньні?

—З Мэксікі быў нават званок — ад айца Міхаіла, так ён назваўся. Украінцы напярэдадні тэлефанавалі, віншавалі.