Арнольд Макмілін: У БССР назвалі мяне «буржуазным аб’ектывістам»

Сёньня прафэсару Арнольду Макміліну, вядомаму брытанскаму беларусісту, спаўняецца 75 гадоў. Мы пазванілі ў Лёндан, каб павіншаваць прафэсара, і адначасова запісалі зь ім кароткую размову.

РС: Як пераважная большасьць славістаў на Захадзе, вы, пэўна ж, пачыналі сваю акадэмічную кар’еру ад зацікаўленьня расейскай мовай і літаратурай. А калі ў вас зьявілася зацікаўленасьць беларускай мовай і літаратурай?

Макмілін: Гэта было ў мае студэнцкія часы ў Лёнданскім ўнівэрсытэце, калі я вучыўся на русіста. Я быў настолькі захоплены і натхнёны адным прафэсарам, які там выкладаў, што сказаў яму: я хачу ў вас вучыцца. І ён мне прапанаваў заняцца гісторыяй беларускай літаратурнай мовы ў ХІХ стагодзьдзі. Я напісаў дысэртацыю пра гэта, якая потым стала кніжкай. Ад гэтага і пачалася мая зацікаўленасьць беларускай мовай і літаратурай. Яна, можна сказаць, была выпадковая, таму што я быў русістам і цягам усёй сваёй кар’еры меў пасаду прафэсара расейскай літаратуры.

РС: А вы раней ведалі беларускую мову?

Макмілін: Не, ня ведаў. Але вучыўся, калі зьбіраў матэрыялы для дысэртацыі, пачынаючы з Рыпінскага, Чачота, Дуніна-Марцінкевіча...

РС: Ці дапамагаў вам нехта зь беларусаў у Лёндане?

Макмілін: Так, дапамагалі: айцец Леў Гарошка, айцец Аляксандар Надсан, біскуп Чэслаў Сіповіч...

РС: Потым вы напісалі кнігу пра гісторыю беларускай літаратуры...

Макмілін: Так. І на кнігу зьявілася рэцэнзія ў «Полымі» ў Менску, на сямі старонках. Пісалі яе тры рэцэнзэнты, якія назвалі мяне «буржуазным аб’ектывістам»...

РС: Вельмі файна, я сказаў бы! А які гэта быў год, не нагадаеце?

Макмілін: 1977, праз год ад выхаду кнігі.

РС: А якія беларускія пісьменьнікі вам асабліва спадабаліся?

Арнольд Макмілін і Ўладзімер Някляеў у гасьцях у Рыгора Барадуліна, 2012 год


Макмілін: Ну, гэта клясыкі: Купала, Колас, Багдановіч, Гарун... Потым я пазнаёміўся з Быкавым і Барадуліным, пазьней зь Някляевым...

РС: У вашай кнізе пра літаратуру беларускай дыяспары ёсьць частка пра беларускую літаратуру ў Польшчы. Вы бывалі на Беласточчыне?

Макмілін: Так, я быў у Крынках, у выдатнага празаіка Сакрата Яновіча, які запрашаў мяне на свае сымпозіюмы-трыялёгі, якія ён там арганізаваў. У Беластоку я сустракаўся зь Янам Чыквінам, які зьяўляецца першаклясным паэтам.