Маскоўскі патрыярхат адмовіўся ад удзелу ва Ўсеправаслаўным Саборы, які меркавалася правесьці 16-27 чэрвеня на Крыце, перадае «Інтэрфакс».
Кіраўнік аддзела зьнешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Іларыён заявіў па выніках надзвычайнай сэсіі Сыноду ў Маскве, што рашэньні Сабору будуць лічыцца легітымнымі, толькі калі ў ім будуць удзельнічаць усе Цэрквы.
За апошні тыдзень некалькі памесных Праваслаўных цэркваў: Балгарская, Антыяхійская і Грузінская — адмовіліся ад удзелу ў Саборы, а Сэрбская царква выступіла за яго перанос.
РПЦ мае намер прасіць Канстантынопальскага патрыярха аб тым, каб правесьці Сабор у iншыя тэрмiны і, тым часам, паспрабаваць вырашыць назапашаныя праблемы.
Праваслаўная царква цяпер прызнае сем Усяленскіх сабораў, апошні зь якіх, Другі Нікейскі, адбыўся ў VIII стагодзьдзі. Сабор, які рыхтуецца цяпер, не заяўлены як сусьветны, таму што ў ім будуць удзельнічаць ня ўсе біскупы кананічных памесных Праваслаўных Цэркваў.