Сын Уладзімера Вялічкіна Францішак — вучань адзінай на 300-тысячны абласны цэнтар беларускамоўнай клясы. Цяпер Францішак разам зь яшчэ трыма вучнямі перайшлі ўжо ў 6 клясу школы № 29 Берасьця.
У 2014 годзе ў Берасьці спрабавалі аддаць вучыцца па-беларуску сваю дачку Камілу Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава. Школьная адміністрацыя паставіла перад бацькамі ўмову — беларуская кляса адчыніцца, калі яны знойдуць ня менш як 5 вучняў. Цэлае лета Алесь і Мілана спрабавалі знайсьці вучняў у беларускамоўную клясу, але ў выніку Каміла пайшла вучыцца па-расейску. Пасьля гэтага ў Берасьці ніводнай новай беларускай клясы так і не зьявілася.
Карэспандэнт Свабоды пагутарыў з Уладзімерам Вялічкіным пра сёньняшнюю сытуацыю ў галіне беларускамоўнай адукацыі ў Берасьці.
— Уладзімер, нядаўна вы выступалі на нарадах берасьцейскіх дырэктараў школаў, дзе закранулі праблему беларускамоўнага навучаньня. Якое ўражаньне ў вас склалася наконт жаданьня дырэктараў падтрымаць утварэньне беларускіх клясаў?
— Я выступіў з просьбай да дырэктараў і іхніх намесьнікаў, каб бацькам, калі яны падаюць заявы на навучаньне дзяцей у школе, прапаноўвалі выбар — навучацца па-расейску ці па-беларуску. Бо звычайна блянкі заяваў бацькам выдаюцца выключна на расейскамоўнае навучаньне.
Па рэакцыі залі я зразумеў, што пэўная частка дырэктараў школ вельмі нэгатыўна ставіцца да беларускамоўнага навучаньня. Матывацыя тут такая, што гэта прымусіць іх болей папрацаваць — трэба падрыхтаваць настаўнікаў, трэба самім прыгадаць родную мову. Ім гэта не падабаецца, бо трэба рабіць дадатковыя высілкі.
Па рэакцыі кіраўнікоў школаў я бачу, што зь іх боку як быў супраціў пры прыёме заяваў у беларускія клясы, так і застаецца.
— А як ставяцца да вашых ініцыятываў наконт пашырэньня беларускамоўнай адукацыі чыноўнікі?
— Рэакцыя нашых выканаўчых уладаў — толькі за тое, каб гэта было. Сустракаўся з намесьнікам рэктара Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, ён таксама кажа, што гэта актуальна і запатрабавана. Я сустракаўся з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, ініцыяваў правядзеньне круглага стала, які мае адбыцца з удзелам чыноўнікаў, грамадзкасьці, дэпутатаў, бізнэсоўцаў. Ёсьць распараджэньне старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандра Рагачука — правесьці такі круглы стол.
Я ведаю, што нашы мясцовыя ўлады аддалі распараджэньні аб пашырэньні беларускай мовы ў школах.
Але на месцах тыя людзі, якія прымаюць заявы, робяць усё, каб заявы ў беларускія клясы не прымаць.
— Нядаўна Свабода паведамляла пра выпадак, калі жыхарка вёскі Гошчава Івацэвіцкага раёну зьбірала подпісы за перавод вясковай школы на расейскамоўнае навучаньне. Як вы можаце ацаніць пэрспэктывы беларускай мовы ў школах у такіх умовах?
— Гэта такая сытуацыя, калі чалавек можа, але ня хоча навучацца па-беларуску. Гэта ўсё з-за таго, што прэстыж адукацыі нізкі. Маўляў, навошта табе беларуская мова, калі яна табе па жыцьці не спатрэбіцца. Мне прыкра за такіх людзей. Яны, мабыць, прапусьцілі прадмет дзіцячай псыхалёгіі. Бо чым болей моваў чалавек ведае — тым лягчэй ён адаптуецца да жыцьця. А калі чалавек валодае беларускай мовай, то ён вельмі лёгка засвойвае іншыя эўрапейскія мовы, таму што наша мова заўсёды разьвівалася ў эўрапейскім кантэксьце.
У многіх людзей меркаваньне — што далей, пасьля навучаньня ў школе па-беларуску? Але я ведаю, што пасьля навучаньня на беларускай мове ніхто не загінуў і дурным ня стаў. Выпускнікі беларускіх школаў дасягаюць высокіх пасадаў як у прадпрымальніцкіх структурах, так і ў дзяржаўных.
Хачу зьвярнуцца да бацькоў, якія аддаюць сваіх дзяцей у школу, каб яны прасілі навучаць сваіх дзяцей па-беларуску. Калі пры такіх просьбах яны сутыкнуцца з супрацівам адміністрацыі школы, я прашу паведамляць мне. Часам пры гэтым бацькоў могуць нават абражаць. Таму я заклікаю бацькоў паведамляць мне пра такія факты на электронны адрас brestspring@gmail.com, або праз тэлефон +375297223541.