Надзея Саўчанка ноччу пабывала ў зоне спэцапэрацыі ў Данбасе

Надзея Саўчанка, якая была нядаўна вызваленая з расейскай турмы і вярнулася ва Ўкраіну 25 траўня, у ноч на панядзелак пабывала ў раёне правядзеньня апэрацыі ў Данбасе.

Пра гэта паведамляе ўкраінскі прэс-цэнтар ваеннай апэрацыі ўкраінскага войска на ўсходзе Ўкраіны.

У паведамленьні адзначаецца, што начны прыезд Саўчанкі «стаў для ўсіх нечаканасьцю». Народная дэпутатка Ўкраіны пагутарыла з многімі вайскоўцамі, сустрэлася з былымі таварышамі па службе і нават села за штурвал баявога верталёта. Раней ўкраінская лётчыца ня раз казала, што хоча лётаць, але будзе рабіць тое, што цяпер найбольш трэба Ўкраіне — і там, дзе яна будзе максымальна карысная.



Паводле апытаньня расейскага «Левада-цэнтра», праведзенага пасьля вяртаньня Саўчанкі ва Ўкраіну, больш за палову (56 адсоткаў) расейцаў станоўча ўспрынялі абмен ўкраінскай лётчыцы на расейцаў Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева. У той жа час напярэдадні абмену такога пункту гледжаньня прытрымліваліся 38 адсоткаў рэспандэнтаў.

Надзея Саўчанка, якую ў Расеі асудзілі да 22 гадоў турмы паводле абвінавачаньня ў саўдзеле ў забойстве двух журналістаў ВГТРК летам 2014 году пад Луганскам, была вызвалена і вярнулася ва Украіну 25 траўня пасьля таго, як прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў указ аб яе памілаваньні. У той жа дзень прэзыдэнт Украіны памілаваў грамадзян Расеі Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава, якія таксама вярнуліся на радзіму.