Вядома, што найпросты спосаб кагосьці ўзвысіць – гэта кагосьці прынізіць. Напрыклад, Купала добры, таму што Колас дрэнны. Але аказваецца, спосаб гэты працуе і ў адваротны бок.
«Раней я цябе чытаў, цяпер ня буду», «Аўтар ужо ня той», «Здрадзіў»…
Гэтая рэакцыя знаёмая мне яшчэ зь першай сэрыі артыкулаў, якія пад назвай «Падставы рацыянальнага нацыяналізму» друкаваліся ў ЛіМе (1990) і таксама выклікалі пратэст пэўнае часткі публікі. З тых часоў нічога сутнасна не мянялася ні ў маіх тэкстах, ні ў мэтадах правакаваньня думкі. Гэта заўсёды было адмаўленьне фэтышу ў нацыянальным руху і сьцьверджаньне адкрытай беларушчыны.
Але, закідаючы мне трасцу і халеру, мае крытыкі нязьменна ўказвалі, што я сапсаваўся. Доказаў не прыводзілася, бо іх і не магло быць. Але матыў мэтамарфозы паўтараўся – быў харошы, стаў плахі, і плахі ўжо толькі таму, што быў харошы. Каб неяк прынізіць мяне сёньняшняга («абліў памыямі ўсё, што для нас сьвятое»), трэба было ўзвысіць мяне ўчорашняга. Але я заўсёды быў плахі, чаму ёсьць мноства ранейшых ацэнак самых аўтарытэтных таварышаў. І адзінае рацыянальнае тлумачэньне знаходжу ў спэцыфічнай патрэбе чытача расчароўвацца. Энэргетыка расчараваньня можа быць вельмі моцнай, аж да эўфарыі. Яна нічым не саступае энэргетыцы зачараваньня. Таму проста сказаць, што я плахі – не заводзіць. Ну плахі і плахі. А вось – быў харошы, стаў плахі – іншая справа, зьяўляецца драйв, эмоцыя, якая перажываецца з пэўнай асалодай.
Але вось яшчэ што трэба праясьніць. Тое, што ў сваіх тэкстах за гэтыя чвэрць стагодзьдзя ў грунце сваім я заставаўся нязьменным і нязьменна плахім, а пасьля, на тле новых артыкулаў аказваўся харошым – ці значыць гэта, што ў грунце сваім мяняліся мае крытыкі? Ці проста татальны лейтматыў усяго, што я пісаў – «думаць над сабой» – недзе ў глыбіні душы ўспрымаўся як пазытыўны, але мае ацэнкі бягучых фактаў і асобаў выклікалі рашучы пратэст, і за час да новага тэксту гэта ўсё разьвейвалася, заставалася толькі галоўнае – станоўчае? Кожны новы тэкст абураў новымі ацэнкамі, але ў памяці ад папярэдняга заставаўся толькі той пазытыўны лейтматыў. У выніку так паўтараецца шмат гадоў і я нязьменна плахі, які быў харошым.
Калі гэта насамрэч так, дык чаму б адразу ня бачыць у тэкстах (ня толькі маіх, увогуле) іхны галоўны пасыл, лейтматыў, не надаючы ацэнкам вырашальнага значэньня? Урэшце, усе гэтыя ацэнкі можна аспрэчваць іншымі, толькі падабраць мацнейшыя «аргумэнты і факты», а ня кідацца ў бой адно са сваёй голай абражанай верай, якая проста ня можа быць інтэлектуальнай зброяй у сілу сваёй эфэмэрнасьці. Чуць аргумэнты і аспрэчваць фактамі – значыць, жыць тут і цяпер, уплываць на гэтае жыцьцё, дасягаць посьпеху. Гэта проста наступны ўзровень сумоўя, не настолькі прымітыўны, як узвышэньне за кошт прыніжэньня або прыніжэньне за кошт узвышэньня.
Вось пішуць, што я, зваліўшы ўсё на «сьвядомых змагароў», вывеў з-пад адказнасьці ўладу, якая адзначылася ў задушэньні беларушчыны па поўнай праграме. А ці брала ўлада на сябе такую адказнасьць? Вы лічыце, што мусіла ўзяць, а яна пра тое ні сном ні духам. Калі яна ўзяла адказнасьць душыць беларушчыну, чаму вы папракаеце ваўка тым, што зьеў зайца, а не стварыў яму ўмовы для самарэалізацыі і разьвіцьця? Вы самі сто разоў назвалі гэтую ўладу антыбеларускай, чужой, акупацыйнай. Усё слушна. Але іншае ўлады ў нас няма. Няма ўраду Сікорскага ў Лёндане, які некалі непасрэдна кіраваў палякамі ў Польшчы. Гэта значыць, што адзіная магчымасьць нешта мяняць ва ўнутранай палітыцы ў Беларусі – гэта ўплываць на ўладу. Не рабіць выгляд, што мы самі сабе, а ўлада сама сабе, і мы ніякім чынам не ўбудаваныя ў сыстэму, таму і кангрэсы праводзім на вуліцы, бо «ўлада не дала памяшканьня».
Разьвітаньне са «сьвядомымі змагарамі» і ўплыў на ўладу азначае толькі адно – дэлегаваньне ўладзе адказнасьці за беларушчыну. Мы столькі гадоў рабілі выгляд, што гэтая адказнасьць – толькі ў нас, пакуль самі не ператварыліся ў статыстычную памылку. Зразумела, што гэта была не адказнасьць, а звычайны фэтыш, тады як беларушчына занепадала ў сваёй палітызаванай труне. Цяпер яна зноў належыць усім. І адказнасьць за яе нясуць ня толькі грамадзяне, але і ўлады. Прынамсі ёсьць ужо шмат выпадкаў, калі яны ад гэтай адказнасьці не адмаўляюцца. Таму давайце рабіць захады, а не расчароўвацца, як бы соладка нам тое ні было.