Блятэру і двум яго калегам інкрымінуюць растрату на 80 млн даляраў

Зэп Блятэр

Швэйцарская пракуратура правяла ператрус у штаб-кватэры футбольнай фэдэрацыі ФІФА ў Цурыху і канфіскавала шэраг дакумэнтаў. Пра гэта інфармуе Бі-Бі-Сі.

Прадстаўнік пракуратуры ўдакладніў, што прэзыдэнт ФІФА Джані Інфантына не знаходзіцца пад сьледзтвам.

У пятніцу ФІФА выступіла з заявай у сувязі з расьсьледаваньнем карупцыйнага скандалу. Як гаворыцца ў заяве, існуюць доказы, што трое чыноўнікаў, «каардынуючы свае дзеяньні, спрабавалі ўзбагаціцца», штогод павялічваючы сабе заробкі, выпісваючы сабе прэміі за правядзеньне Кубкаў сьвету, і іншымі спосабамі.

Гэтыя тры чыноўнікі — Зэп Блятэр, адхілены ад працы Генэральны сакратар Жэром Вальк, а таксама звольнены намесьнік генэральнага сакратара Маркус Катнэр. Шкоду ад іх дзеяньняў у ФІФА ацэньваюць на 80 млн даляраў за апошнія 5 гадоў, гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Карупцыйны скандал у ФІФА разгарэўся ў траўні летась. Праваахоўныя органы Швэйцарыі на запыт ЗША затрымалі некалькіх высокапастаўленых чыноўнікаў арганізацыі, западозраных у хабарніцтве.

На тле скандалу быў вымушаны падаць у адстаўку кіраўнік ФІФА Зэп Блятэр. У лютым 2016 году новым прэзыдэнтам стаў Джані Інфантына.