Арбітражная палата камітэту па этыцы Міжнароднай фэдэрацыі футбольных асацыяцыяў (ФІФА) адхіліла ад футбольнай дзейнасьці тэрмінам на восем гадоў кіраўніка арганізацыі Ёзэфа Блатэра і прэзыдэнта Эўрапейскай футбольнай асацыяцыі (УЕФА) Мішэля Плаціні.
Абодва функцыянэры, якіх абавязалі выплаціць штрафы, у кастрычніку былі адхіленыя ад службовых абавязкаў на 90 дзён, пакуль ішло расьсьледаваньне наконт незаконнага пераводу ФІФА каля двух мільёнаў швайцарскіх франкаў на рахункі Плаціні ў 2011 годзе.
І Блатэр, і Плаціні абвяргаюць абвінавачваньні ў супрацьпраўнай дзейнасьці. Для 79-гадовага Ёзэфа Блатэра рашэньне камітэту па этыцы, мяркуючы па ўсім, азначае завяршэньне кар’еры ў кіраўніцтве футболам. Для 60-гадовага Мішэля Плаціні адхіленьне на некалькі гадоў перакрэсьлівае яго пляны пазмагацца за пасаду прэзыдэнта ФІФА, зьмяніўшы на пасадзе Блатэра.
Блатэр, які ўзначальвае ФІФА з 1998 года, 29 траўня быў пераабраны на пяты тэрмін, а ўжо 2 чэрвеня на хвалі карупцыйнага скандалу ў ФІФА абвясьціў аб сыходзе са сваёй пасады. Выбары новага кіраўніка арганізацыі павінны прайсьці ў лютым 2016 года.