2 чэрвеня Гомельскі абласны тэрытарыяльны фонд дзяржаўнай маёмасьці меўся правесьці адкрыты аўкцыён па продажы жылога дома на вуліцы Пралетарскай, 36, больш вядомага ў горадзе як «дом Піліпца».
Віктар Піліпец — былы старшыня Гомельскага гарвыканкаму, асуджаны за махінацыі з кватэрамі. З моманту, як Піліпца ў верасьні 2012 году арыштавалі, у доме ніхто ня жыў.
«Аўкцыёну сёньня не было, бо не знайшлося ахвочых купіць гэты дом, — патлумачылі ў фондзе „Гомельаблмаёмасьць“. — Што далей будзе з домам, вырашыць уласьнік — Гомельскі гарвыканкам. Мы ўсяго толькі арганізатары таргоў».
Абліцаваны цэглай аднапавярховы блёчны дом на чатыры пакоі, з падвалам, паветкай, агароджай, весьнічкамі, брамай, дваровым пакрыцьцём, агульнай плошчай 150 квадратных мэтраў выстаўлены на аўкцыён за 4,5 мільярда рублёў, альбо ў пераліку 237 тысяч даляраў.
Яшчэ на стадыі будаўніцтва «сядзібы мэра» гараджане дзівіліся, чаму выбрана такое месца — яно лічылася «намоленым», бо побач Ільінская царква.
Абазнаныя ж у гарадзкой архітэктуры начальнікі наагул кпілі: маўляў, чаго «мэр» палез туды са сваім казённым домам? Непадалёк, на другім баку вуліцы Пралетарскай — гмах Інстытуту лесу, і зь дзявятага паверху ўвесь ягоны двор як на далоні. З вышыні ўсё відаць: ці то загарае галава гораду, ці то шашлыкі смажыць.
У гэтым доме Віктар Піліпец жыў зь сям’ёю мала — каля двух гадоў. А ўвогуле ў Гомелі ён адпрацаваў толькі няпоўныя тры гады.
На пасадзе старшыні гарвыканкаму пачуваў сябе досыць вольна, падкрэсьліваючы пры нагодзе, што атрымаў карт-блянш ад Аляксандра Лукашэнкі, бо прыйшоў «на горад» з пасады памочніка прэзыдэнта — галоўнага інспэктара па Віцебскай вобласьці. Да гэтага ўся кар’ера Піліпца абмяжоўвалася Калінкавіцкім раёнам — дырэктар саўгасу, намесьнік старшыні па сельскай гаспадарцы, старшыня райвыканкаму. На рэгіянальных нарадах Піліпца характарызавалі як кіраўніка з «жорсткім стылем». Але, можа, найбольш ведаюць яго дзякуючы арганізаванаму ім разам зь Мінкультам рэспубліканскаму фэсту гумару ў Малых і Вялікіх Аўцюках.
Атрымаўшы пасаду ў Гомелі, Віктар Піліпец ды ягоныя саўдзельнікі з управы капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму незаконна разьмеркавалі паміж сабой, сваімі сваякамі, блізкімі й знаёмымі 27 кватэраў у шматкватэрных жылых дамах, прызначаных для перасяленьня гараджанаў, чые прыватныя дамы трапілі пад знос у выніку пашырэньня вуліцы Барыкіна.
Магілёўскі абласны суд за злоўжываньне службовым становішчам прысудзіў Піліпцу пяць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленьнем права на столькі ж гадоў займаць пэўныя пасады.
У верасьні 2015 году Піліпец быў вызвалены з калёніі ў Бабруйску па амністыі. У Гомель ён не вярнуўся, а пасяліўся, наколькі вядома, у Менску, дзе меў кватэру.
Некаторыя іранічна настроеныя гамельчукі лічаць, што «дом Піліпца» на Пралетарскай наагул ня варта прадаваць з аўкцыёну. Нашмат лепей стварыць у ім антыкарупцыйны музэй. І каб кожны прэтэндэнт на дзяржаўную пасаду абавязкова яго наведваў.