Што рабіць з «Саргасавым морам»

Сяргей Астраўцоў

Надрукавалі маю новую кнігу, называецца «Саргасава мора». Езьдзіў у Менск забраць.

Адразу пытаньне: што зь ёю рабіць? Паказаць дзяўчыне, што сядзела побач у дарозе назад на Горадню? Зьвярнуцца да пасажыраў: сябры, павіншуйце мяне? Падпісаць кіроўцу? Навошта яму? Можа ён нічога не чытае, ня кажучы па-беларуску? Яму «Рускага радыё» хапае. Дый першы раз яго бачу. Як і ён мяне.

У старэйшых пісьменьнікаў застарэлая звычка: каб запрашалі ў школы выступаць. Хоць куды, няважна. Была ў мяне аднойчы такая сустрэча: сабралі ў бібліятэцы навучэнцаў, спакойна паслухалі і разышліся. Кніга іх не зацікавіла, хоць я «распрагаўся» як мог.

Пакуль пасажыры занятыя сваімі гаджэтамі, я ламаю галаву над далейшым лёсам свайго «Саргасава мора». На вуліцы прапаноўваць, як крышнаіты? Хіба што не для мяне. Пайсьці па ўстановах сьледам за астатнімі «карабейнікамі»? Гэта думка, хоць і рызыкоўная. Колькі іх стукалася ў дзьверы ці ўваходзіла бяз стуку за апошнія дваццаць пяць гадоў? Капеечныя масажоры змушалі набыць, самыя дзяшовыя ў сьвеце кухонныя камбайны. Разносілі калготкі, біжутэрыю, парфуму, дзіцячыя выданьні. Сам бы я адгукнуўся? Калі мне ня трэба? Іншая рэч: рыбу цяпер носяць па ўстановах. Тут яшчэ падумаеш. Альбо вось гатунковую гарбату па прымальных цэнах, бывае.

Маёй паездцы ў Менск спадарожнічалі размовы з калегамі аб сучасным стане нашай літаратуры. Аб яе пэўных тупіках. Спачатку ў Саюзе пісьменьнікаў, затым з сябрам, які прачытаў за апошні час тры дзясяткі сьвежых кніг прозы.

Сябру не хапае нечаканасьці, звышзадачы, якую аўтар, пагатоў беларускі мае перад сабой ставіць. Некаторых аўтараў ён называе «савецкімі пісьменьнікамі», яны пішуць так, як пісалі да іх пяцьдзесят год таму. Хаця ў паасобных кнігах трапляюцца нечаканыя сьвежыя месцы, кажа ён.

У Саюзе пісьменьнікаў канстатуюць: за апошнія гады столькі аўтараў навыдавалі сябе, кнігі нерэдагаваныя бываюць, што з гэтым усім рабіць? Аднак гэта адзнака часу. Так склалася. Няхай кнігу прачытаюць дзесяць чалавек, вельмі добра — калі сто, але па-беларуску ўсё роўна ўпарта пішуць. Вось такі самаахвярны рух на ніве роднай мовы. Але як палепшыць справу? А палепшыць варта, неабходна.

Гэта што да плоймы новых кніг, выдадзеных прыватна па-беларуску, якіх становіцца ўсё больш. Ці задумваюцца над гэтай зьявай «адказныя таварышы»? У міністэрствах і ведамствах. Чытачоў мізэр, а пісьменьнікі ўсё пішуць і друкуюць. Што гэта — багацьце, што на галаву само ўпала, ці непатрэбны баляст? Што з гэтым рабіць, як надаць значэньне, узьняць, палепшыць?

Ці ведаюць у кабінэтах усіх нашых сёньняшніх пісьменьнікаў, а ня толькі з саюзу Чаргінца? Ці ня думаюць іх нейк падтрымаць, заахвоціць? Ці няхай беларуская кніга застаецца ў гэтым выпадку чыста прыватнай справай? Што ж, гэты пласт літаратуры напэўна ніяк ня ўлічваецца ў час штогадовых афіцыйных «дзён пісьменства». І нават у цяперашні год культуры ў Беларусі, дый напярэдадні 500-годзьдзя беларускай кнігі дзяржава не зацікавілася гэтымі людзьмі. Хоць бы дзеля таго, каб зрабіць вялікія вочы, зьдзівіцца.

Памятаю: у савецкія часы мы зьдзіўляліся, што ў невялікай Эстоніі ў Саюзе пісьменьнікаў было 600 чалавек, а ў нас больш за 360 напэўна мець не ўхвалялася. Па адным на кожны дзень году. Сёньня адбыўся папросту астранамічны рост.

Але энэргія ў значнай ступені сыходзіць намарна. Кволы літаратурны працэс. Адсутнасьць літаратуры ў жыцьці краіны. Нам кажуць: моладзь цяпер нічога не чытае, адно ў сацсетках лайкае здымкі. А ў суседняй Польшчы нехта няхай лайкае, але нехта працягвае чытаць, каб краіна заставалася з мазгамі. У мяне ў руках нядаўні спэцвыпуск «Газэты Выборчай», называецца «Газэта пісьменьнікаў». 64 старонкі! Насычаны зьмест, самыя вядомыя імёны. І гэта мае запатрабаваньне. Таму што палякі дбаюць пра польскую літаратуру, у нас жа гэта зрабілася прыватнай справай. І, на жаль, толькі хобі.

Мая надзея сёньня на тое, што «Саргасава мора» выйшла ў «Кнігарні пісьменьніка» і што выдавецтва «Кнігазбор» мае магчымасьць здаць частку накладу ў кнігарні. Можа хто зацікавіцца. У Горадні мне будзе цяжэй.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.