30 траўня 1999-га ў цэнтры Менску ладзілася сьвята піва. Надвор’е рэзка сапсавалася, пачалася навальніца з градам. Тысячы людзей кінуліся да мэтро, узьнікла цісканіна.
53 чалавекі загінулі, 250 атрымалі траўмы. Бальшыня загінулых — маладыя людзі ад 14 да 20 гадоў, толькі трое былі старэйшымі за 30. Загінулі 42 дзяўчыны і 2 супрацоўнікі міліцыі.
Яшчэ гадзіну працягваўся канцэрт. У гэтыя хвіліны выступаў гурт Манга-Манга.
Была заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу «халатнасьць». Падазраванымі былі начальнік грамадзкай бясьпекі ГУУС Менгарвыканкаму Віктар Русак і начальнік аддзелу масавых мерапрыемстваў Міхаіл Кандрацін. Але ў 2002-м годзе старшыня суда Цэнтральнага раёну Пётр Кіркоўскі перакваліфікаваў абвінавачваньне на артыкул, які не прадугледжвае адказнасьці за гібель людзей і спыніў справу ў сувязі са сканчэньнем тэрміну даўніны. Сваякі загінулых атрымалі кампэнсацыю.
Супраць гарадзкіх уладаў, радыёстанцыі «Мір» і прадусарскага цэнтру «Клас-клуб ДК» (яны адказвалі за арганізацыю і бясьпеку на сьвяце піва) неаднаразова падаваліся судовыя пазовы. Усе яны былі адхіленыя.
Аляксандар Лукашэнка наведаў месца трагедыі ў той жа вечар. На яго думку, ня трэба было шукаць вінаватых — лекары і праваахоўныя органы дзейнічалі бездакорна, а галоўнай прычынай трэба называць хмель. 1-га і 2-га чэрвеня ў краіне абвясьцілі жалобу.
Старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімер Ярмошын напісаў заяву аб адстаўцы, але Лукашэнка яе не прыняў. Ярмошын займаў пасаду да лютага наступнага году.
У 2002-м годзе на месцы трагедыі быў усталяваны мэмарыял у выглядзе 53 руж, раскіданых па прыступках, а таксама маленькая капліца з мэталічнай плітой унутры, на якой высечаныя імёны загінулых. Уладзімер Жбанаў прысьвяціў гэтай трагедыі сваю скульптуру «Дзяўчынка з парасонам», усталяваную ў Міхайлаўскім сквэры.
У зборніку «Я нарадзіўся тут» ёсьць песьня «Крывавае сьвята». Яна пра Нямігу.
«Трагедыя на Нямізе» — кніга, выдадзеная праз год. Яе аўтары — Тацьцяна Равяка і Паліна Сьцепаненка. Некалькі інтэрвію зроблена журналісткай Тацьцянай Сьнітко. Цяпер набыць кнігу нельга, недаступная яна і ў інтэрнэце.
Ёсьць шмат вэрсіяў трагедыі, ад калянавуковых да рэлігійных — у гэты ж дзень праваслаўныя адзначалі сьвята Троіцы. Насупраць уваходу ў мэтро знаходзіцца і праваслаўны храм. Сваякі загінулых вінавацяць улады і міліцыю, многія кажуць, што цісканіну справакавалі некалькі невядомых маладых людзей, якім удалося пазьбегнуць пакараньня. Улады настойваюць, што гэта зьбег акалічнасьцяў і вучыцца можна толькі на памылках — пасьля трагедыі былі распрацаваныя адпаведныя пляны, якія, на шчасьце, пакуль не былі апрабаваныя ў рэальных умовах.