Сястра народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава Валянціна Быкава працягвае лячэньне ва Ўшацкім раённым шпіталі.
Мэтазгоднасьць яе знаходжаньня ў аддзяленьні рэанімацыі тлумачыцца найперш узростам. Валянціна Быкава пры памяці, але ў яе зламаная рука і некалькі рабрынаў. Мэдыкі ацэньваюць яе стан як стабільна цяжкі, ціск у норме.
У рэанімацыю наведнікаў не пускаюць. Галоўны ўрач шпіталя Сяргей Маісееў сказаў, што «лекары робяць усё магчымае, усе неабходныя мэдыкамэнты ў наяўнасьці, ніякай дапамогі не патрабуецца».
«Ніякіх прагнозаў мы ня робім. Найперш празь яе ўзрост. Адна справа, калі пералом у дзіцяці, а іншая — калі ў 90-гадовага чалавека», — сказаў Сяргей Маісееў.
Сёньня, 30 траўня, павінен адбыцца кансыліюм са спэцыялістамі зь Віцебскага мэдунівэрсытэту наконт ходу далейшага лекаваньня спадарыні Валянціны. Пакуль дактары не плянуюць перавозіць яе ў Менск ці Віцебск, больш дакладная інфармацыя будзе пасьля кансыліюму.
Тым часам супрацоўнікі вушацкай міліцыі кажуць, што гэта «рэдкі выпадак», ніколі падобных нападаў на пэнсіянэраў у раёне не было.
Сьледчы камітэт па Віцебскай вобласьці распачаў крымінальную справу па факце нападу на Валянціну Быкаву.