Першае пасяджэньне рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу прайшло 28 траўня ў Менску, перадае БелаПАН.
Яго ўдзельнікі зацьвердзілі склад і рэглямэнт дзейнасьці рады.
Рада кангрэсу фармуецца зь ліку прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый (па адным чалавеку) і прадстаўнікоў рэгіянальных кааліцый дэмакратычных структур (па тры чалавекі ад кожнай вобласьці і Менску).
На дадзены момант у склад рады ўваходзяць 15 чалавек: ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада») Станіслаў Шушкевіч, аргкамітэту па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Народная Грамада») Мікалай Статкевіч, незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі, зарэгістраванага ў Чэхіі аб’яднаньня «Малады фронт» Зьміцер Дашкевіч, руху салідарнасьці «Разам» Алесь Макаеў, аргкамітэту партыі «Беларускі рух» Вацлаў Арэшка, руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць» Уладзімір Някляеў, а таксама сем прадстаўнікоў рэгіянальных дэмакратычных кааліцый.
Мікалай Статкевіч паведаміў, што склад рады будзе пашырацца:
«Будуць працягвацца перамовы з рознымі апазыцыйнымі структурамі. Але тут паўстае пытаньне, каго мы можам запрашаць да працы ў радзе, бо ёсьць арганізацыі, якія выступаюць за эўразійскі вэктар разьвіцьця, што супярэчыць плятформе кангрэсу».
У выніку вырашана, што ў склад рады кангрэсу могуць увайсьці арганізацыі, якія падпісалі мэмарандум «Аб мерах па забесьпячэньні незалежнасьці Беларусі» (прыняты падчас нарады беларускіх грамадзкіх і палітычных арганізацый са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай 3 лістапада 2012 году ў Вільні) або Дэклярацыю ў падтрымку незалежнасьці Рэспублікі Беларусь (падпісаная напярэдадні ўстаноўчага сходу Беларускага нацыянальнага кангрэсу, які адбыўся ў Менску 15 траўня).
Рэглямэнт дзейнасьці рады прадугледжвае роўнасьць усіх яго суб’ектаў. Рашэньні рады будуць прымацца дзьвюма трацінамі галасоў, пасяджэньні будуць праходзіць раз на месяц.