Падчас Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу, які праходзіў у Гародні 24–26 траўня, папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі заявіў, што адна з рэчаў, неабходных, каб папа Францішак прыехаў у Беларусь, — гэта дасьведчанасьць Ватыкана ў праблемах беларускага каталіцкага касьцёлу, перадае Catholic.by.
«Каб гэтая сустрэча была плённай, фундамэнтальнай рэччу павінна стаць інфармаваньне Сьвятога пасаду пра ўсе праблемы, зь якімі сутыкаецца касьцёл у Беларусі, — казаў Грахалеўскі. — Я ведаю, што ў Беларусі, як і ў кожнай краіне, часам здараюцца цяжкасьці, але іх ня трэба замоўчваць, а трэба казаць як ёсьць — праўду. Разам з тым я цешуся, што Касьцёл у вас расьце і вы, у сваю чаргу, цешыцеся сваёй верай. Гэта вельмі важна».
Герарх прыгадаў, што пантыфікі, зь якімі яму даводзілася працаваць, заўсёды хацелі чуць розныя меркаваньні і думкі, бо «адзіны дасканалы — гэта Пан Бог, а ўсё астатняе можа мець хібы, але іх можна выправіць, трэба толькі не баяцца пра іх казаць».
Сустракаючыся з папам Францішкам у Ватыкане, Лукашэнка агучыў запрашэньне пантыфіка ў Беларусь, каб той разам з праваслаўным патрыярхам сустрэўся зь вернікамі. Кіраўнік Беларусі дадаў, што папа і патрыярх маглі б запрасіць на сустрэчу мусульманскіх і юдэйскіх сьвятароў, што правесьці сустрэчу можна было б у мэмарыяле «Трасьцянец» на месцы нацысцкага лягера сьмерці, што сустрэча першагерархаў каталіцкай і праваслаўнай цэркваў магла б спрыяць мірнаму працэсу ва Ўкраіне.