Напэўна, толькі лянівы не ўзгадаў у сувязі з нядаўнім візытам беларускага прэзыдэнта старую прымаўку — усе дарогі вядуць у Рым. Але пытаньне палягае ў тым, куды вядуць дарогі з Рыму, якое значэньне маюць візыты Аляксандра Лукашэнкі, якія адбыліся на мінулым тыдні.
Асноўную ўвагу падчас яго першай паездкі ў Эўропу пасьля зьняцьця санкцыяў прыцягнула, зразумела, сустрэча з Папам Рымскім. Аднак для характарыстыкі стасункаў афіцыйнага Менску з Эўропай ня менш цікавая і іншая сустрэча — з прэзыдэнтам Італіі Сэрджыа Матарэлам. Цікавая яна не сваім зьместам, а ўзроўнем.
Я ўжо пісаў пра тое, што зьняцьце санкцыяў зусім не азначала распасьцёртых абдымкаў і поўнай нармалізацыі адносінаў. Гэтае рашэньне было дазаваным крокам у адказ на пазытыўныя крокі беларускага боку. Далейшыя крокі насустрач, новыя «морквачкі», як фінансавыя, так і прэстыжныя, будуць тады, калі адпаведныя крокі зробіць Менск.
Звычайна кіраўнікі дзяржаваў, якія валодаюць рэальнай уладай, сустракаюцца ў іншых краінах са сваімі настолькі ж паўнамоцнымі калегамі.
Звычайна кіраўнікі дзяржаваў, якія валодаюць рэальнай уладай, сустракаюцца ў іншых краінах са сваімі настолькі ж паўнамоцнымі калегамі.
У 2009 годзе, падчас папярэдняй «адлігі» ў адносінах Беларусі і ЭЗ, Лукашэнка таксама наведваў Ватыкан і Рым, але тады ён сустракаўся з прэм’ерам Італіі Сільвіё Бэрлюсконі. Цяпер яму давялося мець зносіны з партнэрам больш нізкага ўзроўню, прэзыдэнт Італіі, хоць і зьяўляецца фармальным кіраўніком дзяржавы, аднак паўнамоцтвы яго абмежаваныя ўрачыстым адкрыцьцём кветкавых выставаў. Таму крыху камічна гучалі паведамленьні пра нейкія праекты эканамічнага супрацоўніцтва дзьвюх краінаў, дасягнутых у ходзе перамоваў. Эканамічнае супрацоўніцтва — рэч добрая, але яно — па-за кампэтэнцыяй сіньёра Матарэлы.
Хутчэй за ўсё, узровень сустрэчы быў вызначаны нават ня ў Рыме, ці ня толькі ў Рыме, а быў салідарным рашэньнем або рэкамэндацыяй ўсяго ЭЗ. Пакуль так. Пакуль нават ня так, як у 2009 годзе.
Ускосна сьведчаньнем таго, што працэс нармалізацыі далёкі ад завяршэньня, зьяўляецца дзіўная актыўнасьць беларускага Цэнтарвыбаркаму па імплемэнтацыі рэкамэндацыяў АБСЭ ў выбарчы працэс. Справа нават ня ў тым, наколькі гэтыя зьмены рэальна зробяць выбары больш справядлівымі і празрыстымі — магчыма і ня надта, а ў тым, што беларускія ўлады ў асобе ЦВК дэманструюць (або імітуюць) гатоўнасьць да дыялёгу.
А чаму, здавалася б? Санкцыі зьнялі, чаму б не сказаць, што нам самім лепш відаць, як праводзіць выбары, а няпрошаныя парады і дарма не патрэбныя?
Паколькі так не гавораць, значыць, нешта ўсё ж такі трэба. І гэта, зразумела, не парады, як праводзіць выбары. А шмат што іншае. Напрыклад, грошы. Але ня ў іх адных шчасьце. Калі прэзыдэнту Беларусі ў Італіі даводзіцца сустракацца толькі з намінальным кіраўніком дзяржавы, гэта крыўдна. А хацелася б, каб было някрыўдна, каб на роўных ставіліся не фармальна, а па сутнасьці.
Зрэшты, асадачак, які застаўся ў Аляксандра Лукашэнкі ад прыёму ў Рыме, быў скампэнсаваны сустрэчай у Ватыкане. Мяркуючы па ўсім, візыт да Папы і быў галоўнай мэтай паездкі.
Чаму першая паездка пасьля адмены санкцыяў была ў Ватыкан? Бо ў Сьвятога Пасаду, у адрозьненьне ад іншых дзяржаваў Эўропы, у Беларусі ёсьць паства.
Чаму першая паездка пасьля адмены санкцыяў была ў Ватыкан? Банальны адказ — таму, што туды запрасілі. Больш зьмястоўны — таму што ў Сьвятога Пасаду, у адрозьненьне ад іншых дзяржаваў Эўропы, у Беларусі ёсьць паства. Акрамя таго, словы Лукашэнкі пра тое, што Папа блізкі яму ідэалягічна, па меншай меры, не процілеглыя праўдзе.
Напрыклад, для Папы вайна на ўсходзе Ўкраіны — гэта не вайна тых, хто мае рацыю, і тых, хто ня мае яе, гэта вайна хрысьціянаў з хрысьціянамі, вайна, якая павінна быць спыненая. Ну, дык і пазыцыя афіцыйнага Менску недалёкая ад гэтай.
Калі ж казаць пра рэчы больш канцэптуальныя, то літаральна за два дні да візыту Лукашэнкі Папа абвясьціў падчас імшы, што «багатыя, якія эксплёатуюць работнікаў — п’яўкі, у іх на сумленьні сьмяротны грэх». А тры гады таму ў Апостальскім пасланьні выказаўся супраць «дзікага капіталізму», які ён назваў «новай тыраніяй», і падкрэсьліў, што «сусьветная эканамічная сыстэма стала заганнай, паколькі цалкам выбудаваная на «кульце грошай». Ну, дык і Лукашэнка падпісаўся б пад гэтымі словамі. А цяперашнія лідэры ЭЗ, зразумела, не. Так што беларускі лідэр паехаў да таго, чые погляды яму бліжэй, чым погляды іншых лідэраў Захаду.
Вынікі цяперашняй сустрэчы ў Ватыкане цалкам могуць задаволіць афіцыйны Менск. У прыватнасьці, Папа адзначыў міратворчыя намаганьні Беларусі ва ўкраінскім крызісе.
Зрэшты, варта адзначыць, што як ЭЗ робіць дазаваныя крокі ў дачыненьні да Беларусі, так і Беларусь ня песьціць распасьцёртымі абдымкамі Ватыкан. Падчас папярэдняга візыту Лукашэнкі ў Ватыкан, да папярэдняга Папы, заяўлялася аб магчымасьці заключэньня канкардату — абавязковага пагадненьня паміж беларускімі ўладамі і каталіцкай царквой у Беларусі. З таго часу прайшло 7 гадоў. Канкардату ня толькі няма, пра яго гэтым разам у агучаных заявах бакоў не было нават згадана.
Самым яркім эпізодам сустрэчы было агучанае запрашэньне Папу наведаць Беларусь.
Гэта ня значыць, што беларускія ўлады ня зробяць ніякіх крокаў насустрач каталіцкай царкве ў падзяку за запрашэньне і за добрыя словы наконт міратворчасьці. Нават, хутчэй за ўсё, зробяць, але невялікія, не дадуць права, што прадугледжвае канкардат, а зробяць ласку. Якіх можна зрабіць шмат. У парадку ўзаемнасьці.
Аднак самым яркім эпізодам сустрэчы было агучанае запрашэньне Папу наведаць Беларусь: «Я выказаў думку, што пантыфіку час прыехаць у Беларусь і разам з нашым Патрыярхам сустрэцца з нашымі жыхарамі. Упэўнены, што там будзе не адзін мільён чалавек, якія б хацелі бачыць гэта поціск рук не ў далёкай Кубе ў аэрапорце, а на зямлі, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы».
Пры гэтым кіраўнік Беларусі выказаў меркаваньне, што Папа і Патрыярх маглі б запрасіць на сустрэчу мусульманскіх і юдэйскіх сьвятароў, што правесьці сустрэчу можна было б у мэмарыяле «Трасьцянец» на месцы нацысцкага лягеру сьмерці, што сустрэча першагерархаў каталіцкай і праваслаўнай цэркваў магла б спрыяць мірнаму працэсу ва Ўкраіне.
Ідэя занадта сьвецкая і такая, якая занадта многае аб’ядноўвае, так бы мовіць, «у адным фляконе», каб быць цалкам рэалістычнай. Асабліва, калі прапанова сфармулявана на мове буклету турыстычнага агенцтва: «Прыяжджайце да нас, Вы атрымаеце столькі сілаў і здароўя, колькі ні ў адной кропцы сьвету».
Прапанова ў такой форме робіцца тады, калі адмова, мабыць, больш чаканая за згоду.
Адносіны праваслаўнай і каталіцкай цэркваў і самі па сабе занадта складаныя і шматслойныя, а прапаноўваць першагерархам заадно сустрэцца і зь юдэямі і мусульманамі — прапанова ў такой форме робіцца тады, калі адмова, мабыць, больш чаканая за згоду.
Але зрэшты, прапанова мае самастойную палітычную каштоўнасьць у сэнсе стварэньня спрыяльнага вобразу беларускага лідэра, і ў Эўропе ў тым ліку. Ён — за паразуменьне рэлігіяў, за экумэнізм (у Маскоўскім Патрыярхаце, можа, трошкі пакрывяцца, але сьвецкі ж чалавек, ды і каталікоў у Беларусі шмат), за памяць аб ахвярах вайны, за мір ва Ўкраіне, заснаваны на рэлігійных каштоўнасьцях. Ад Папы патрабавалася толькі не сказаць «не». Ён і не сказаў.
Тым больш, што пасьля сустрэчы Папы і Патрыярха ў Гаване, пасьля заключэньня ў Менску пагадненьняў па Ўкраіне, пэрспэктыва падобнай сустрэчы (зразумела, Папы і Патрыярха) не выглядае такой ужо непраўдападобнай.
Лукашэнка прапаноўваў падобную сустрэчу ў 2009 годзе і Папе Бэнэдыкту. Але калі амаль тысячу гадоў не сустракаліся, то неяк не здавалася, што гэта наогул рэальна, і тым больш у Менску. Але пасьля Гаваны — чаму б і ня ў Менску?
Што парадкі ў Беларусі аўтарытарныя, дык і на Кубе ня росквіт дэмакратыі, ды і наогул пастыр больш патрэбны грэшнікам, а не праведнікам. Куба пры афіцыйным атэізьме краіна пераважна каталіцкая, Беларусь — пераважна праваслаўная, але пры гэтым зь немалой доляй каталікоў. Але і не Расея пры гэтым. Сымэтрыя.
Чаму ня могуць сысьціся на Менску інтарэсы Сьвятога Пасаду і Маскоўскай Патрыярхіі?
Сышліся ж на Менску інтарэсы такіх розных партнэраў, як Эўразьвяз, Расея і Ўкраіна, прыехалі і заключылі пагадненьне. Чаму ня могуць сысьціся на Менску ж інтарэсы Сьвятога Пасаду і Маскоўскай Патрыярхіі?
Аднак, паўтаруся — усе гэтыя меркаваньні робяць пэрспэктыву сустрэчы не рэальнай, а праўдападобнай. І адпаведна, запрашэньне, зробленае беларускім лідэрам, больш важкім.
Большага афіцыйнаму Менску цяжка было і чакаць.
Наступныя сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з эўрапейскімі лідэрамі, калі такія ў агляднай будучыні адбудуцца, будуць з людзьмі несьвятымі. Як і ён сам. І халодны душ перамоваў з прэзыдэнтам Матарэлам паказвае, што сустрэчы гэтыя абяцаюць быць няпростымі.
Перадрук з парталу TUT.BY