Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і папа рымскі Францішак сёньня падчас сустрэчы ў Апостальскім палацы ў Ватыкане абмеркавалі разьвіцьцё адносінаў Беларусі з рымска-каталіцкай царквой тэт-а-тэт, перадае БЕЛТА.
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і пантыфіка Францішка доўжылася каля 40 хвілінаў, зь якіх 25 хвілінаў — тэт-а-тэт.
Лукашэнка падарыў папу рымскаму копію крыжа Эўфрасіньні Полацкай, мадэль карэты і галаграфічны абраз.
Папа рымскі падарыў тры напісаныя ім дакумэнты пра Эвангельле, ахову прыроды, сямʼю.
Яшчэ адзін падарунак пантыфіка — мастацкая выява аліўкавага дрэва, сымбаля міру. «Менск можа быць месцам міру», — сказаў ён.
Аляксандар Лукашэнка запрасіў папу рымскага ў Беларусь: «Прыяжджайце да нас. Вы атрымаеце столькі сілаў і здароўя, колькі ні ў адной кропцы сьвету».
«Радыё Ватыкана» апублікавала ў фэйсбуку фатаздымак, дзе ў складзе беларускай дэлегацыі разам з папам сфатаграфаваўся і Мікалай Лукашэнка.