Прадстаўнікі Дзярждэпу ЗША абмеркавалі з Макеем і Ярмошынай, як правесьці беларускія выбары ў «пазытыўнай атмасфэры»

Брыджыт Брынк, архіўнае фота

Санкцыі ЗША супраць беларускіх прадпрыемстваў пакуль прыпыненыя, але што будзе далей — залежыць ад высноваў БДІПЧ пра парлямэнцкія выбары.

Злучаныя Штаты зноў заклікалі беларускія ўлады прыняць меры для паляпшэньня сытуацыі ў сфэры дэмакратыі і правоў чалавека, заявіла памочніца дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Брыджыт Брынк. 17 траўня яна і намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Робэрт Бэршчынскі прыбылі ў Менск і сустрэліся з прадстаўнікамі беларускай улады, у тым ліку міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем і старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, а таксама праваабаронцамі, прадстаўнікамі апазыцыйных партыяў і грамадзянскай супольнасьці. Пра вынікі сустрэчы яны распавялі на прэс-канфэрэнцыі 18 траўня.

Асноўнай мэтай візыту было правядзеньне трэцяга раўнду беларуска-амэрыканскага дыялёгу па правах чалавека (першыя два раўнды адбыліся летась у траўні і сьнежні ў Вашынгтоне). Брынк нагадала, што амэрыканскія санкцыі супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў былі, у каардынацыі з Эўразьвязам, прыпыненыя ў жніўні 2015 году, затым у красавіку 2016-га прыпыненьне санкцыяў было працягнутае на паўгода. Большасьць санкцыяў была ўведзеная пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года, таму ў цэнтры абмеркаваньня застаецца менавіта сытуацыя з выбарамі.

«Мы заклікаем беларускія ўлады прадпрыняць далейшыя пазытыўныя крокі дзеля ўмацаваньня дэмакратыі і правоў чалавека. Мы, як і раней, перакананыя, што такія канструктыўныя дзеяньні ўмацуюць сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі, у падтрымку якіх ЗША цьвёрда выступае»

Зьняцьце санкцыяў было прадпрынятае ў адказ на вызваленьне палітвязьняў і скіраванае на падтрымку беларускай эканомікі, але што будзе далей з санкцыямі, «залежыць ад далейшага разьвіцьця падзеяў»:

«Мы заклікаем беларускія ўлады прадпрыняць далейшыя пазытыўныя крокі дзеля ўмацаваньня дэмакратыі і правоў чалавека, — казала Брынк. — Мы, як і раней, перакананыя, што такія канструктыўныя дзеяньні ўмацуюць сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі, у падтрымку якіх ЗША цьвёрда выступае, і паслужаць фундамэнтам для далейшага паляпшэньня стасункаў між нашымі краінамі».

У час абмеркаваньняў зь беларускім бокам, кажа яна, уздымаліся розныя пытаньні адносна зьменаў у сфэры правоў чалавека (і, у прыватнасьці, правядзеньня парлямэнцкіх выбараў увосень) маглі б забясьпечыць большую адпаведнасьць Беларусі патрабаваньням БДІПЧ АБСЭ і іншых міжнародных арганізацыяў, «якія Беларусь у свой час дабраахвотна прыняла». Сьпіс патрабаваньняў «доўгі, але добра вядомы»: празрыстасьць падліку галасоў і ўсяго выбарчага працэсу, фармаваньне выбарчых камісіяў з удзелам шырэйшага прадстаўніцтва і іншае.

«Беларускія афіцыйныя асобы былі адкрытыя да дыялёгу, — згадвае Брынк. — Нам вядома пра заяву, якую ўчора зрабіла кіраўнік ЦВК адносна выкананьня прынамсі некаторых рэкамэндацыяў, што былі зробленыя АБСЭ і БДІПЧ. Гэта само па сабе станоўчы крок. І да, і пасьля выбараў мы будзем глядзець, наколькі гэтыя рэкамэндацыі выкананыя, але мы вітаем тую сур’ёзнасьць, зь якой да гэтых рэкамэндацыяў тут паставіліся».

Адносна сустрэчы з прадстаўнікамі апазыцыі Брынк заявіла, што ня ведае, ці будзе беларуская апазыцыя браць удзел у парлямэнцкіх выбарах, але падкрэсьліла, што наяўнасьць апазыцыі — гэта ў прынцыпе важная ўмова для існаваньня дэмакратыі. Галоўнае, кажа яна, ня вынік выбараў адносна канкрэтных кандыдатаў, а сам працэс — неабходнае стварэньне атмасфэры, якая забясьпечыла б правядзеньне нармальных, спакойных і справядлівых выбараў.