Водгук на кнігу «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзе», ад Аляксея Сапрыкіна, сябра «Арт Сядзібы».
Учора я займеў скарб — унікальную кнігу «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам». Буду з задавальненьнем чытаць і з дапамогай слыннага мовазнаўцы ўзнаўляць свае веды.
Спадар Вінцук ёсьць адным зь нешматлікіх беларускіх філёлягаў, якія ведаюць аўтэнтычныя беларускія словы, клясычны беларускі правапіс і выкараняюць русізмы і палянізмы з нашае мовы.
Нам вельмі важна не згубіць сваю родную беларускую мову, якой, на жаль, не карыстаецца большая частка насельніцтва Беларусі. Таму і трэба як мага больш ствараць прадуктаў літаратуры, рэклямы, выкарыстоўваць мову ў PR. Канечне, усім, каму хочацца ведаць мову дасканала, я вельмі раю прачытаць новую кнігу Вінцука Вячоркі і паглядзець на сайце Радыё Свабода перадачы «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам».
Летась на нашай культурніцкай пляцоўцы адбылася прэм’ера спэктакля, прысьвечанага Браніславу Тарашкевічу, выдатнаму навукоўцу, беларускаму незалежніку, чалавеку ахвярнаму і адважнаму. Многія чулі, што Тарашкевіч уклаў клясычныя граматыку і правапіс беларускае мовы. Але пра ягоны пакручасты і трагічны лёс, варты ня тое што п’есы, а нават раману, ведае мала хто. Мы вырашылі, што трэба выпраўляць гэтую сытуацыю, і зрабілі спэктакль пра гэтую легендарную постаць нашай гісторыі. Спадар Вінцук як навуковец, які працягвае ягоную справу, дапамагаў нам у рэдактуры п’есы «Браніслаў. Сцэны з жыцьця ды сноў». Спэктакль па гэтай п’есе пры Арт Сядзібе атрымаўся вельмі яскравы і пераканаўчы, ён змусіў многіх гледачоў узгадаць словы Францішка Багушэвіча «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі». Выканаць запавет клясыка з кнігай Вінцука Вячоркі можна вельмі проста, лёгка і цікава.
19 траўня ў менскай галерэі «Ў» адбудзецца прэзэнтацыя ўнікальнае кнігі — «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам». Яе склалі выбраныя праграмы з аднайменнага цыклю, якія аўтар цягам апошніх двух гадоў рыхтаваў для Радыё Свабода.