Прадпрымальнікі апынуліся ў цяжкім стане, таму што былі разьяднаныя і не займаліся палітыкай. Да такой высновы прыйшлі 16 траўня ўдзельнікі «круглага стала», праведзенага Гомельскай гарадзкой арганізацыяй Аб’яднанай грамадзянскай партыі, яе экспэртнай групай і аналітычным цэнтрам «Стратэгія». Вёў дыскусію эканаміст і палітык Яраслаў Раманчук.
Удзельнікі абмяняліся думкамі наконт існаваньня прадпрымальніцтва ў новых рэаліях. З аднаго боку, беларуская ўлада заганяе эканоміку краіны ў сыстэмны крызіс, зь іншага — абмяжоўвае разьвіцьцё прадпрымальніцкай ініцыятывы, папаўняючы армію беспрацоўных, у тым ліку і за кошт індывідуальных прадпрымальнікаў.
«Я ўжо амаль пяць месяцаў не працую, — кажа ўдзельнік дыскусіі, прадпрымальнік Барыс Анікееў. — Лічу, што нерэальна нешта падпраўляць ва ўказе № 222. Трэба разьнявольваць дробны бізнэс, а не заціскаць яго абавязковай сэртыфікацыяй тавараў і неабходнасьцю мець суправаджальныя дакумэнты. Калі ў людзей будзе ўласнасьць, свая справа, — яны будуць абараняць яе, адначасова найлепшым чынам абараняючы і сувэрэнітэт краіны».
У Беларусі цяпер 252 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. Сотні тысяч беларусаў карысталіся паслугамі рынкаў. Але калі пачаўся наступ уладаў на прадпрымальніцтва, ня так і шмат знайшлося прадпрымальнікаў, якія рушылі бараніць саміх сябе. У Гомелі гэта 400–500 чалавек.
Сытуацыя ня надта ўсхвалявала і грамадзтва. На думку ўдзельнікаў дыскусіі, гэта здарылася таму, што прадпрымальнікі разрозьненыя. Яны не маглі нават прывесьці важкіх аргумэнтаў у абарону сваіх інтарэсаў падчас дыялёгу з уладамі, бо заўсёды лічылі, што палітыка — гэта ня іх справа. Хоць падаткі, кошты, штрафы, працэнты па крэдытах, заканадаўчыя акты — гэта таксама палітычныя пытаньні.
Сёй-той з прысутных не пагаджаўся, што аргумэнтаў не было. Маўляў, даводзілі ж, што калі прадпрымальнікі страцяць працу на рынках, гэта адчувальна адаб’ецца на паступленьнях у бюджэт.
Аднак, на зьдзіўленьне прысутных, эканаміст Раманчук адрынуў гэты аргумэнт, бо плацяжы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія кантралююцца падатковымі органамі, склалі ў бюджэце краіны за мінулы год 2,2 адсотка. Іншая справа — колькі напрыклад, мусіць выдаткаваць грошай краіна на стварэньне новых працоўных месцаў для тых жа прадпрымальнікаў. Падрахункі простыя: каб стварыць адно працоўнае месца, патрабуецца ад 20 да 30 тысяч даляраў. Да таго ж беспрацоўе ўскладняе крымінагенную сытуацыю, зь якой давядзецца змагацца.
Абмяркоўвалі, як адбіваецца на прадпрымальніцтве дэфолт, ініцыятыва ўладаў наконт імпартазамяшчэньня, сьцьвярджэньні ў афіцыйных СМІ, што прадпрымальнікі разбураюць айчынную лёгкую прамысловасьць.
На думку ініцыятараў дыскусіі, для абароны сваіх інтарэсаў прадпрымальнікам варта выкарыстоўваць і палітычныя кампаніі — выбары ў парлямэнт, у мясцовыя саветы, прэзыдэнцкія выбары. Бо не прадпрымальнікі, не шматдзетныя сем’і, не чарнобыльцы, не пэнсіянэры і нават не беспрацоўныя цяпер найбольшыя дармаеды ў беларускай эканоміцы, а менавіта прамысловыя гіганты — МАЗ, МТЗ, БМЗ, «Гомсельмаш». Да гэтага прывяла эканамічная палітыка дзейнай улады.
Праблема ў тым, што прадпрымальнікі не камунікуюць паміж сабою, не працуюць з калегамі з малога бізнэсу, баючыся, што абмеркаваньні штрафаў, ліцэнзіяў, сэртыфікатаў уладамі будуць расцэненыя як палітычная дзейнасьць
«На працягу дваццаці гадоў, — кажа Яраслаў Раманчук, — прадпрымальнікі займаліся сваім бізнэсам, лічачы, што палітыка іх ня тычыцца. Гэта й прывяло да таго, што прынятыя шмат якія законы, указы, пастановы, скіраваныя супраць разьвіцьця прадпрымальніцтва. Таму цяпер трэба ў экспрэс-тэмпе кансалідавацца, разумеючы, што калектыўныя дзеяньні, голас кансалідаваных прадпрымальнікаў нават у Беларусі, дзе няма парлямэнтарызму, дэмакратыі, будуць пачутыя. Мы распрацавалі адзінаццаць патрабаваньняў да ўладаў, каб прадпрымальніцкі сэктар у эканоміцы ня толькі захаваўся, але й быў пашыраны. Праблема ў тым, што прадпрымальнікі не камунікуюць паміж сабою, не працуюць з калегамі з малога бізнэсу, баючыся, што абмеркаваньні штрафаў, ліцэнзіяў, сэртыфікатаў уладамі будуць расцэненыя як палітычная дзейнасьць».
Сярод адзінаццаці патрабаваньняў індывідуальных прадпрымальнікаў да ўладаў найпершым пунктам пазначана наступнае: перадаць ва ўласнасьць прадпрымальнікам гандлёвыя плошчы, якія яны арандуюць у дзяржавы і мясцовых уладаў звыш трох гадоў — рынкі павінны належаць прадпрымальнікам, а не мясцовай намэнклятуры. Адмяніць абавязковую сэртыфікацыю тавараў, патрабаваньне атрымліваць суправаджальныя дакумэнты, увесьці гадавы патэнт на ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці. А яшчэ — зьнізіць стаўкі падатку на нерухомасьць і зямлю ў тры разы, зьліквідаваць падвышальныя каэфіцыенты на нерухомасьць камунальнай ды рэспубліканскай уласнасьці.