Ксяндза з Польшчы, які пабудаваў касьцёл у Бярозаўцы, выправілі зь Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Каталіцкі сьвятар, ураджэнец Польшчы, ксёндз Андрэй Стапыра пакідае Беларусь. Пасьля 25 гадоў служэньня ў парафіі Спасланьня Сьвятога Духа ў вёсцы Бярозаўка Лідзкага раёну яму не працягнулі дазволу на працу ў Беларусі.

Адказны за супрацоўніцтва са СМІ па Гарадзеншчыне ксёндз Павал Салабуда паведаміў Свабодзе, што гэта ня першы выпадак адмовы ў дазволе на працу ў Беларусі сьвятарам з Польшчы:

Духоўная праца была вельмі вялікая і важная, ён гэтулькі людзей прывёў да веры. Нездарма гэтак шмат людзей прыйшлі ўчора, каб зь ім разьвітацца.

«Пэўны час некаторым сьвятарам не даюць дазволу на працу ў Беларусі, і колькі такіх выпадкаў, нават цяжка сказаць. Але галоўнае ня колькі. Нават калі адзін такі выпадак — за ім стаяць людзі, іх лёсы. Ксёндз Андрэй касьцёл у Бярозаўцы пабудаваў з нуля, суседнія касьцёлы аднаўляў. Але галоўнае — духоўная праца была вельмі вялікая і важная, ён гэтулькі людзей прывёў да веры. Нездарма гэтак шмат людзей прыйшлі ўчора, каб зь ім разьвітацца.

І хоць ёсьць у Беларусі духоўныя сэмінарыі, патрэбы ў сьвятарах вялікія, бо растуць гарады, будуюцца новыя сьвятыні, і людзям патрэбная духоўная апека. А таму патрэба ў такіх сьвятарах адназначная. Асабліва калі людзі шмат гадоў працавалі, якія будавалі касьцёлы, людзей духоўна вялі і зрабілі шмат добрага для Беларусі».

Як паведамілі ў каталіцкай царкве, улады Беларусі таксама забаранілі каталіцкаму сьвятару зь Індыі Джэймсу Манджакалу правесьці ў Росі на Гарадзеншчыне рэкалекцыі, якія меліся адбыцца сёлета ў ліпені.

«Рэлігійную арганізацыю ў краіне можа ўзначальваць толькі грамадзянін Беларусі»

Дазвол на права працаваць у Беларусі атрымаў грамадзянін Расеі Мікалай Зьмееў — праваслаўны сьвятар ігумен Васіян. Сябра праваабарончай арганізацыі «Форд» Натальля Васілевіч з гэтай нагоды сказала Свабодзе:

Натальля Васілевіч

«У адпаведнасьці з прынятым у 2002 годзе законам „Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях“ рэлігійную арганізацыю ў краіне можа ўзначальваць толькі грамадзянін Беларусі. На гэтай падставе неаднойчы адмаўлялі ў дазволе на працу ў Беларусі сьвятарам пратэстанцкай і каталіцкай канфэсіяў — грамадзянам суседніх краін.

Грамадзянства мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла на сёньня невядомае, і калі ён па-ранейшаму застаецца грамадзянінам Расеі, то займае сваю пасаду незаконна. Летась мітрапаліт Павал запрасіў у Беларусь ігумена Васіяна — грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі Мікалая Зьмеева — які ўзначаліў прыход храма Пакрова Прасьвятой Багародзіцы ў Менску. Патрэбы ў новым сьвятары ў гэтым прыходзе не было, і вернікі зьвярнуліся з адпаведным лістом у Савет міністраў і атрымалі адказ, што ўпаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў спадар Гуляка гэтае прызначэньне ўзгадніў.

І мяне абурае не парушэньне, якое чыніць расейскі грамадзянін ці праваслаўная царква, а мяне абурае пазыцыя беларускіх чыноўнікаў, якія абавязаныя сачыць за выкананьнем прававых нормаў. Чаму вы патрабуеце выкананьня закону ад адных удзельнікаў прававога працэсу, а ад іншых не патрабуеце? Чаму яго розныя суб’екты ня роўныя? Вы самі прынялі такі закон, то чаму вы яго парушаеце, калі вам гэта выгадна?»