Ці стане Беларусь ядзернай базай Расеі?

Запуск расейскай ракеты Іскандэр на палігоне Капусьцін Яр, Астраханская вобласьць, 18.04.2016

12 траўня ЗША ўвялі ў дзеяньне ў Румыніі першы аб’ект гэтак званага глябальнага супрацьракетнага шчыта. Гэты аб’ект, які разьмешчаны на авіябазе Дэвэсэлу, зьяўляецца часткай ахоўнага парасону ад Грэнляндыі да Азорскіх астравоў і накіраваны, паводле афіцыйнай вэрсіі, супраць іранскіх ракетаў. Аб’ект у Румыніі здольны зьбіваць ракеты так званых дзяржаваў-ізгояў, якія, на думку Вашынгтону, аднойчы змогуць дасягнуць буйных эўрапейскіх гарадоў. Праз пэўны час элемэнты гэтай сыстэмы зьявяцца і ў Польшчы.

Расея заўсёды выступала супраць разьмяшчэньня гэтых сыстэмаў у Цэнтральнай Эўропе.

У гэтым сэнсе адмоўная рэакцыя, якую выказаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін на нарадзе з кіраўнічым складам міністэрства абароны і прадстаўнікамі ВПК, не была нечаканай. Тое, што, на думку Масквы, сыстэма амэрыканскай СПА ў Эўропе скіраваная ня супраць ракет краінаў-ізгояў, а супраць расейскіх ракетаў, гаварылася і раней, і было паўторана цяпер.

Але прагучалі і новыя акцэнты.

Пуцін заявіў, што комплексы СПА ў Румыніі і Польшчы — не абарончыя, а наступальныя сыстэмы, бо, паводле яго, пускавыя ўстаноўкі супрацьракетаў амэрыканскай СПА могуць быць выкарыстаныя для ракет сярэдняй і малой дальнасьці. Прэзыдэнт Расеі інтэрпрэтаваў такую магчымасьць як стварэньне ўмоваў для парушэньня Злучанымі Штатамі міжнароднай дамовы аб ракетах гэтай клясы.

Ён паабяцаў «купіраваць пагрозы», якія ўзьнікаюць для Расеі з гэтага парушэньня стратэгічнага балянсу.

Ён падкрэсьліў, што гэты балянс зьяўляецца гарантыяй бясьпекі ад узьнікненьня канфліктаў куды больш разбуральных, чым усе вядомыя канфлікты ў «гарачых кропках». Іншымі словамі, Масква дае аднаўленьню таго, што яна лічыць балянсам, вышэйшы прыярытэт у параўнаньні зь любымі іншымі аспэктамі сваёй ваеннай стратэгіі.

Прагучала на нарадзе і фраза, вытрыманая ў пуцінскім сарданічным стылі: «Людзі, якія прымаюць адпаведныя рашэньні, павінны ведаць, што яны жылі да гэтага часу спакойна, нябедна і ў бясьпецы». Гэта абяцаньне, што зараз прынамсі ЗША і Захад у цэлым, дзякуючы дзеяньням Расеі, ня будуць мець ні спакою, ні бясьпекі.

Цяжка сказаць, у якой ступені гэтыя заявы — блеф, запалохваньне, спроба захаваць твар «крутога мача», а ў якой — рэальныя пляны. Але можна дапусьціць, што гэта ўсё ж ня чысты блеф.

Расейскі адказ, якім бы ён ні быў, яшчэ больш павялічыць ваенна-палітычную напружанасьць у рэгіёне. Але некаторыя магчымыя варыянты гэтага адказу могуць тычыцца Беларусі наўпрост. Варта прыгадаць, што колішнія савецкія ядзерныя ракеты, якія былі канчаткова выведзеныя зь Беларусі ў 1996 годзе, 20 гадоў таму, былі якраз ракетамі сярэдняй дальнасьці. СССР у свой час разьмясьціў іх у Беларусі, Захад адказаў разьмяшчэньнем амэрыканскіх «Пэршынгаў» у Нямеччыне, яшчэ Гарбачоў і Рэйган дамовіліся ўзаемна прыбраць іх, тады таксама была заключаная і адпаведная дамова пра ракеты гэтай клясы.

Калі цяпер Крэмль лічыць, што дамова парушаная або можа быць парушаная, то адным з магчымых варыянтаў адказу можа стаць выхад з дамовы аб ракетах сярэдняй і малой дальнасьці (пра такую магчымасьць і пра здольнасьць Расеі хутка аднавіць вытворчасьць такіх ракетаў высокапастаўленыя расейскія вайскоўцы гавораць з 2007 году) і разьмяшчэньне такіх ракетаў бліжэй да межаў краінаў НАТО. А гэта або Калінінградзкая вобласьць, або Беларусь.

І тады пляны разьмяшчэньня авіябазы пададуцца суцэльнай драбязой у параўнаньні з ператварэньнем Беларусі ў ядзерны фарпост РФ. Прычым, аргумэнт, які выкарыстоўваўся Менскам у пярэчаньнях наконт авіябазы, тут не падзейнічае. Тады Лукашэнка казаў — дык дайце гэтыя самалёты нам, мы пасадзім на іх сваіх лётчыкаў і будзем абараняць супольнае неба. Права кіраваць сваёй ядзернай зброяй ні ЗША, ні СССР, ні сучасная Расея не перадавалі і не перадаюць нікому, нават самым верным саюзьнікам. Беларусь можа або прыняць расейскую ядзерную зброю, або адмовіць Маскве ў гэтым.

Ня выключана, і нават хутчэй за ўсё, адказ Расеі гэтага прадугледжваць ня будзе, апошнім часам Масква мае звычку разьлічваць толькі на сябе. Тая самая эпапэя з авіябазай у Беларусі хутчэй пераканала Крэмль, што з саюзьнікамі ў вострых ваенных пытаньнях лепш ня зьвязвацца. Але калі адпаведнае рашэньне ўсё ж будзе прынятае, скажам, з ваенных меркаваньняў, то з улікам вызначанага Пуціным прыярытэту ядзернай бясьпекі і стратэгічнага балянсу на Менск можа быць аказаны ціск неверагоднай моцы.