Пра вайну

Алег Дашкевіч

Гляджу на сьвяткаваньне Дня Перамогі на БТ і мяне прабівае аскома. Мне не хапае праўды пра вайну, той праўды, што я чуў часам у прыватных аповедах маіх сваякоў.

– А ў вайну страшна было? – пытаўся я ў бабулі пад час сьвяткаваньня Дня Перамогі.

– Страшна ўнучак.

– А што страшна было?

– Як немцы вёску палілі, страшна. Як жыта агнём пайшло, а мы там хаваліся, страшна. Шмат страшнага было. Як зь лесу людзі прыходзілі, страшна.

– А якія людзі?

– Розныя, унучак…

– Ну распавядзі, – не адставаў я.

– Хай табе пра вайну цётка Наста распавядзе, яна ў партызанах была.

У той час я зайздросьціў свайму школьнаму прыяцелю, які падлеткам распавядаў, як сьвяткуюць Дзень Перамогі ў ягонай сям'і, бо там усё было адназначна. Бацька ягоны ваяваў, прыехаў з Расеі й меў ордэн Славы. Там заўжды, калі выпівалі, згадвалі баявыя будні і сьпявалі песьню, дзе былі словы «і на грудзі яго сьвяцілась мядаль за горад Будапэшт». Кантэкст збольшага не адрозьніваўся ад таго, што давала школьная праграма і прынагодныя канцэрты на тэлебачаньні. Але ў сям'і маёй бабулі з Лагойшчыны Дзень Перамогі сьвяткавалі зь іншымі акцэнтамі й пачуцьцямі, зь якіх узьнікалі пытаньні, на якія я ня меў адказаў. І калі малы я гэтыя пытаньні адсоўваў у бок, то з узростам яны прымушалі сур'ёзна задумвацца, а часам ставілі ў тупік.

9 траўня, у Дзень Перамогі за сьвяточным сталом, калі выпівалася пару чарак, цётка Наста, узнагароджаная мэдалём за «Перамогу над Германіяй», пачынала распавядаць тыя выпадкі ваеннага часу, што найбольш аселі ў яе памяці. Асабліва запомнілася гісторыя пра цётчынага аднавяскоўца Юльяна Прокшу, бо гэтая гісторыя зусім не была падобнай на тое, пра што трубілі фанфары навокал.

– Мы зь Юльянам суседзі былі. Ён старэйшы гадоў на дзесяць, памятаю, як узімку нас зь ягонай сястрой і братам малодшым на санках з гары запускаў. Мы малыя, угару цяжка санкі цягнуць, дык ён спускаўся й дапамагаў нам. Пасьля пабраўся зь дзеўкай з суседняе вёскі і, пакуль мы падрасьлі, пасьпеў нарадзіць аднаго за адным некалькі дзетак. А тут вайна тая… У сорак другім я ўжо сувязной была ў партызанах. Ня надта шмат, але насіла ім у лес ежу й лекі бывала. Страшна, але што зробіш. Часам яны ў вёску прыходзілі. І той раз таксама прыйшлі, па хатах прайшліся, хто сам даваў, у каго забіралі харчы. Ужо самагонкі пасьпелі добра выпіць, як да нашай хаты падышлі. Выклікалі мяне, сказалі, дзе наступная сустрэча, дзе што ўзяць, куды прынесьці, і да Юльяна на падворак.

Прыйшлі і – у хлеў па карову адразу. Выводзяць, тая ня хоча, упарціцца. Яны яе прыкладам аўтаматным, мацюкамі крыюць, крычаць. Чырвоныя, потныя, п’яныя, распаленыя. Тут Юльян выйшаў з хаты, худы такі, высокі, у даматканай сьвітцы, выйшаў і гаворыць да іх:

– На што ж вы карову забралі? У мяне ж дзяцей сямёра, як жыць?

А галоўны іхны, руды такі, канапаты, ня ведаю імя. Ня з нашых быў. У адказ, на нэрве такім злосным, твар толькі заторгаўся:

– Як жыць, пытаеш? А нашто табе жыць? Ты, сука, за бабін падол схаваўся. Мы кроў праліваем, а ты дзяцей гадуеш.

Паказаў знак сваім, яны схапілі таго Юльяна і пацягнулі з падворку да сьцяны. Я была хацела нешта сказаць хлопцам нашым, якіх ведала з тых партызанаў, а гэты руды такім зьверам гыркнуў, што ледзь не самлела. Бачу, што й тыя нашы, што зь імі былі, таксама неяк паніклі. А Юльяна ўжо паставілі каля дома і – з аўтамата... Толькі мазгі на сьцяне павісьлі. Усё так хутка адбылося. Жонка і дзеці на ганку стаялі... Усё на іхніх вачох. Спачатку ціха-ціха было, а пасьля такі нечалавечы вой…

Забілі й пайшлі, і карова зь імі ідзе й рыкае. А ўсьлед ім вой такі жудасны Юльянавай жонкі… Ад Юльяна толькі гэтыя мазгі і засталіся, – сканчала аповед цётка.

Што праўда, калі на наступны дзень я спрабаваў пачуць працяг: што сталася зь дзецьмі Юльяна, ці перажыла вайну ягоная жонка, які лёс рудога партызана, цётка Наста толькі пахмурна аднеквалася. Пазьней, пасталеўшы, я разумеў, што, выпіўшы чарку, яна такім чынам спавядалася, бо цяжка было насіць гэткі ўспамін на сэрцы. Відаць, цётка Наста адчувала і сваю адказнасьць за той выпадак, і Дзень Перамогі не мог пазбавіць яе ад гэтага ўспаміну.

Мне было даволі складана спалучыць дзьве вэрсіі вайны. Я тады яшчэ не чытаў «Сотнікава» Быкава, не глядзеў фільм «Праверкі на дарогах» Аляксея Германа. Ня ведаў жахлівай гісторыі вёскі Дражна. Але адно я дакладна для сябе ўсьвядоміў, што Дзень Перамогі па-беларуску – гэта ў тым ліку й мазгі невядомага мне Юльяна Прокшы на сьцяне ягонай ды, як аказалася, і нашай хаты.