Рада па правах чалавека (РПЧ) пры прэзыдэнце Расеі паведаміла, што накіруе запыт па факце надгляду праваабаронцы Ліліі Шыбанавай на літоўска-беларускай мяжы.
Аднак гэты запыт будзе накіраваны не беларускім памежнікам, а ў фэдэральную памежную службу Расеі.
«Мы зьвернемся ў фэдэральную памежную службу для таго, каб яны нам патлумачылі, што здарылася на мяжы Літвы і Беларусі з нашай калегай, сябрам РПЧ Ліліяй Шыбанавай. Мы чакаем ад іх менавіта тлумачэньняў. Таму сёньня мы такі запыт ім накіруем проста для таго, каб разумець, што гэта было», — цытуе РИА Новости кіраўніка РПЧ Міхаіла Фядотава.
Раней РПЧ паведаміла пра затрыманьне ў Беларусі на мяжы зь Літвой сябра РПЧ, кіраўніцы асацыяцыі «Голас» Ліліі Шыбанавай. Яе вымусілі пакінуць цягнік, на якім яна ехала ў Маскву на пасяджэньне РПЧ аб грамадзянскім удзеле ў маніторынгу выбараў. Потым у РПЧ заявілі, што Шыбанава знаходзіцца ў Маскве.
Прадстаўнік Памежнага камітэту Беларусі назваў сытуацыю штатнай. У прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі паведамілі, што Ашмянская мытня пацьвярджае факт перасячэньня мяжы Шыбанавай 12 траўня. А ўсе мытныя фармальнасьці былі праведзеныя цягам 40 хвілін.
Чаму расейцы скардзяцца на дзеяньні беларускіх памежнікаў у расейскую памежную службу? Камэнтуючы сытуацыю, прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка сказаў карэспандэнту Свабоды:
«Гэта іх права, куды зьвяртацца. У нас — памежная служба Рэспублікі Беларусь. Але яны могуць зьвяртацца, куды лічаць неабходным. Можа, таму, што яны грамадзяне Расеі, то вырашылі зьвярнуцца ў сваю памежную службу?»
Раней украінскі дэпутат Ігар Гузь, якога не пусьцілі ў Беларусь, сказаў, што беларускія памежнікі спаслаліся на патрабаваньне Расейскай Фэдэрацыі.