Беларусь абмяжоўвае ўезд на сваю тэрыторыю народным дэпутатам Украіны, сябрам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Пра гэта гаворыцца ў звароце Камітэту па замежных справах Вярхоўнай Рады Ўкраіны, накіраваным ПАРЭ і генсакратару Рады Эўропы. Зварот зьвязаны з забаронай уезду на тэрыторыю Беларусі ўкраінскім дэпутатам.
Паводле Камітэту, «Беларусь уводзіць практыку абмежаваньня ўезду народным дэпутатам, якія зьяўляюцца сябрамі ПАРЭ. У прыватнасьці, намесьніку кіраўніка Камітэту па замежных справах Ігару Гузю і першаму намесьніку старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірыне Герашчанцы».
Дэпутаты лічаць, што гэтае рашэньне «не адпавядае дэмакратычным традыцыям, улічваючы тое, што Беларусь пачынае добраахвотна аднаўляць адносіны з ПАРЭ».
25 красавіка народнага дэпутата Ўкраіны Ігара Гузя беларускія памежнікі не пусьцілі ў Беларусь. Яны паведамілі, што падставай для гэтага стала патрабаваньне адпаведных органаў Расеі. У Менску Ігар Гузь плянаваў узяць удзел у акцыі «Чарнобыльскі шлях», сустрэцца з супрацоўнікамі амбасады Ўкраіны, прадстаўнікамі ўкраінскай дыяспары і беларускай апазыцыі.