Апазыцыйным палітыкам няма дзе правесьці Беларускі нацыянальны кангрэс

Ілюстрацыйнае фота. Мікалай Статкевіч і Вячаслаў Сіўчык сустрэліся з актывістамі Гомеля, Рэчыцы, Калінкавічаў, каб абмеркаваць неабходнасьць правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сіл Беларусі. Гомель, 4 траўня 2016 году

Кангрэс павінен адбыцца ўжо 15 траўня, але памяшканьня арганізатары яшчэ не знайшлі. Мікола Статкевіч лічыць, што ўлады ўжо прынялі палітычнае рашэньне і не дадуць залі.

Менгарвыканкам ня мае намеру даваць памяшканьне для правядзеньня Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў сябра аргкамітэту кангрэсу Мікалай Статкевіч.

Беларускі нацыянальны кангрэс заплянаваны на 15 траўня. Аргкамітэт спрабаваў знайсьці памяшканьне самастойна, карыстаючыся тым, што ў яго складзе ёсьць прадстаўнікі зарэгістраваных арганізацыяў, якія маюць права праводзіць сходы ў памяшканьнях бяз санкцыяў уладаў.

«Але ўсё сканчалася тым, што „таварышы“ настойліва не рэкамэндавалі здаваць нам памяшканьне, і тыя, хто спачатку быў гатовы гэта зрабіць, адмаўляліся», — распавёў Статкевіч.

Пасьля няўдалых спробаў аргкамітэт папрасіў Менгарвыканкам выдзеліць памяшканьне для правядзеньня кангрэсу.

Адказ быў атрыманы па пошце ўвечары 10 траўня.

«У ім нам рэкамэндуюць самім зьвярнуцца да суб’ектаў гаспадараньня з мэтай заключэньня дамовы арэнды. Такім чынам, яны самі на сябе замкнулі кола: іх суб’екты гаспадараньня кажуць пра тое, што неабходна згода гарвыканкаму, што гэта ад начальства залежыць, а начальства заяўляе, што трэба самім заключаць дамову», — паведаміў Статкевіч.

Канчатковае рашэньне пра месца правядзеньня кангрэсу аргкамітэт абвесьціць 12 траўня на прэс-канфэрэнцыі.

Раней Мікалай Статкевіч заяўляў, што ў выпадку, калі памяшканьня не дадуць, аргкамітэт правядзе кангрэс у сквэры Янкі Купалы ў Менску або ў іншым месцы ў цэнтры гораду.

Правядзеньне кангрэсу дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазыцыі ініцыявала 17 сьнежня мінулага году група грамадзкіх дзеячаў. На наступны дзень Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясьцілі пра стварэньне аргкамітэту па падрыхтоўцы кангрэсу. Цяпер, акрамя іх, у склад аргкамітэту ўваходзяць Зьміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саньнікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.