Днямі праходзіў праз Вайсковыя могілкі ў цэнтры Менску. Над помнікамі стаяў мерны грукат. Некалькі рабочых кувалдамі трушчылі бэтонны абэліск.
Мэдальён з партрэтам нябожчыцы валяўся на зямлі побач з друзам былога надмагільля. Праца ў хлопцаў спорылася.
Я зьвярнуў увагу на вось гэтую магілу. Пятра Іванавіча Бірукова.
Чым адміністрацыі могілак не спадабалася гэтая магіла, ня ведаю. Можа, адсутнасьцю фотаздымка? Але як выглядаюць «необходимые меры в соответствии с действующим законодательством» я ўжо меў магчымасьць бачыць хвіліну таму.
Праз пару мэтраў мяне зьбянтэжыла магіла Міхаіла Іусьцінавіча Бабкова.
Што ў ёй ня так? Нават кветкі жывыя растуць. Празь некалькі мэтраў я ізноў аслупянеў. Перад чорным мармурам падпалкоўніка Жэлвакова. Скажыце, ці гэтая спаруда падобная на «ветхое захоронение»?
У падпалкоўніка высокі абэліск. І нават фотаздымак у парадку.
Мой праход праз могілкі зацягнуўся. Я хадзіў ад магілы да магілы і спрабаваў зразумець людзей зь Менгарвыканкаму, якія вызначаюць – якім помнікам стаяць надалей, а якім ператварацца ў друз. І чым далей я ішоў, тым больш зразумець іх ня мог. Чорны мармур, шэры бэтон зусім не зьбіраўся развальвацца ў бліжэйшае стагодзьдзе.
Адышоўшыся на галоўную алею, я абярнуўся і прысьвіснуў. Белыя шыльдачкі выканкамаўскай «чорнай меткі» былі ледзь не на палове магіл.
Тут брыгадай з кувалдамі не абыдзесься. На такой плошчы трэба будзе бульдозэрам працаваць. Ня лепшая карціна і на Ўсходнім баку магілак.
Чакае свайго канца ўрачыстае надмагільле Народнага артыста БССР, саліста Менскай опэры Арсэна Арсэнкі.
Прыйшла павестка на зьнішчэньне ад гарадзкіх уладаў і да магілы забытага паэта Алеся Ліпнёвага. Яго магіла па суседзтве з магілай Паўлюка Труса.
На чорным помніку ягонае сапраўднае імя напісана як Абраша. Хто ж так падпісаў? Маці? Каханая? Бедны Абраша пражыў усяго 24 гады. Але нават сьмерць ня стала дастатковай прычынай, каб таварышы з гарадзкой управы нарэшце адчапіліся.
Праз пару дзён на тым месцы, дзе арудавалі рабочыя, паўстаў новы помнік. Пэўна, напалоханая радня ня стала чакаць адведзеныя выканкамам два гады. Але што рабіць астатнім? Хто абароніць Арсэнку? І хто заступіцца за Абрашу? Хто падасьць голас за тых, да каго ніхто не прыходзіць на Радаўніцу?