Міністэрства замежных спраў Літвы выклікала амбасадара Беларусі і ўручыла яму ноту адносна магчымага інцыдэнту на Астравецкай АЭС.
«Мы адразу ж, як толькі атрымалі гэтую інфармацыю зь нефармальных крыніц, сталі прымаць меры. А сёньня ў міністэрства быў выкліканы амбасадар Беларусі, якому ўручана нота з патрабаваньнем тлумачэньняў наконт гэтага інцыдэнту або аварыі, а таксама іншых магчымых здарэньняў, паколькі пра гэта пішуць беларускія СМІ», — паведаміў 5 траўня кіраўнік літоўскага зьнешнепалітычнага ведамства Лінас Лінкявічус.
Паводле міністра, пакуль ніякіх тлумачэньняў ад беларускага боку Літва не атрымала.
«Мы ня ведаем, што здарылася, толькі ведаем тое, што пішуць, і хочам атрымаць тлумачэньні. Там гаворка ішла пра бэтонныя стойкі, якія паваліліся, але мы ня можам ні пацьвердзіць гэта, ні абвергнуць», — цытуе міністра DELFI.
Падчас сустрэчы зь беларускім амбасадарам Лінкявічус паўтарыў патрабаваньні Літвы, што будаўніцтва Астравецкай АЭС павінны ацаніць міжнародныя экспэрты.
Пра абвал стоек будучага будынку ядравага абслугоўваньня на будаўніцтве АЭС паведаміў незалежны тэлеканал Белсат.
Прадстаўнікі Астравецкай АЭС у інтэрвію парталу tut.by назвалі гэтую інфармацыю «поўнай лухтой».
У беларускім МЗС сытуацыю пакуль не камэнтуюць.