Супернік Трампа выбыў з выбарчай гонкі ў ЗША

Дональд Трамп

Паводле папярэдніх вынікаў першасных выбараў (праймэрыз) 3 траўня ў амэрыканскім штаце Індыяна, рэспубліканец-мільярдэр Дональд Трамп атрымаў пераканаўчую перамогу над сваім галоўным супернікам Тэдам Крузам. Апошні выбыў з гонкі, паколькі разрыў з Трампам стаў занадта вялікім.

Папярэдне Трамп заручыўся падтрымкай 45 з 57 дэлегатаў ад Індыяны на зьезьдзе партыі ў ліпені. Да 7 чэрвеня рэспубліканцу трэба сабраць патэнцыйную падтрымку 1237 дэлегатаў, каб перамагчы на зьезьдзе.

Старшыня Рэспубліканскай партыі Райнс Прыбэс прызнаў, што цяпер Трамп — «непазьбежны кандыдат» ад партыі.

«Мы ўсе павінны аб’яднацца і засяродзіцца на перамозе над Гілары Клінтан», — напісаў Прыбэс ў Twitter.

Нягледзячы на пэўную страту галасоў у Індыяне, дэмакрат Гілары Клінтан усё ж перамагае свайго канкурэнта Бэрні Сандэрса. У яе ўжо 92 галасы дэлегатаў для вылучэньня ад Дэмакратычнай партыі на зьезьдзе ў ліпені.

Раней Трамп заяўляў, што менавіта Клінтан будзе кандыдатам ад дэмакратаў, хоць ён лічыць яе «дрэнным прэзыдэнтам».

У той жа час некаторыя лідэры ад Рэспубліканскай партыі могуць адмовіцца ад падтрымкі Дональда Трампа, некаторыя з палітычных лёзунгаў якога яны рэзка асуджаюць. Агенцтва Associated Press паведаміла пра магчымыя пляны сустрэчы кансэрватараў 4 траўня, каб вызначыць кандыдатуру, якая можа кінуць выклік Трампу.