3 траўня а 12 гадзіне дня судзьдзя Першамайскага суду Менску Дзьмітры Цыкал абвесьціць прысуд па гучнай справе Паўла Палітанскага, якога разам з яшчэ 14 падсуднымі абвінавачваюць у незаконных дзеяньнях з наркотыкамі. Падсудным пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.
Справа Паўла Палітанскага і ягоных магчымых саўдзельнікаў разглядалася некалькі месяцаў. Прысуд прагучыць у будынку Маскоўскага суду Менску.
Тым часам у Менскім гарадзкім судзе працягваецца яшчэ адна гучная справа аб распаўсюдзе наркотыкаў. У ёй фігуруе 17 чалавек, у тым ліку былыя супрацоўнікі КДБ і міліцыі. Сьледзтва лічыць, што арганізатарам незаконнай групоўкі распаўсюднікаў наркотыкаў быў журналіст паводле адукацыі Канстанцін Вілюга, які заснаваў у Маскве фірму па продажы спайсаў. Вядома, што Канстанцін Вілюга сваёй віны не прызнае.