Старажытны летапісны звод «Аповесьць мінулых часоў» засьведчыў, што асобныя этнічныя аб’яднаньні ўсходніх славянаў «мелі бо звычаі свае, і законы бацькоў сваіх і паданьні, кожны — свой нораў... Гэтага ж звычаю трымаліся крывічы і іншыя паганыя, што ня ведаюць закону Божага, а самі сабе ўстанаўляюць закон». І што цікава — аж да сёньня ў беларусаў, як, зрэшты, і ў іншых народаў сьвету, існуюць свае няпісаныя законы. Якія яны? Чаму людзі і ў сучасным цывілізаваным сьвеце трымаюцца іх? Мы гутарым з сучасным бортнікам старых традыцыяў Іванам Восіпавым.
Вячаслаў Ракіцкі: Іван, тое, пра што мы з вамі будзем зараз гаварыць, яшчэ называюць звычаёвым правам. Як і калі фармавалася яно?
Іван Восіпаў: Звычаёвае права выпрацоўвалася цягам стагодзьдзяў і існуе аж да нашага часу. Яшчэ ў старажытных грамадзтвах існавалі агульныя ўяўленьні пра розныя спосабы паводзінаў, і яны санкцыянаваліся дзяржавай. Звычаёвае права існавала ў старажытнасьці ў межах грамады і ў межах пэўнага краю. Яно перажывае ліхалецьці войнаў або пажараў. Яно разьвіваецца разам з грамадзтвам, яно — яго частка. Народнае права захоўваецца ў выглядзе традыцыяў і абрадаў, пры гэтым кожная вёска або невялікая акруга маюць свае ўласьцівасьці і асаблівасьці.
— Якія самыя важныя нормы паводзінаў, або гэтак званыя няпісаныя законы, для старажытных беларусаў былі найважнейшымі, непарушнымі?
— Сёньня ўжо цяжка вызначыць, якія нормы важныя, а якія не, бо трэба ўлічваць розьніцу ў сьветаўспрыманьні людзей і ў старажытнасьці, і нават не ў такім аддаленым ад нас часе. Як і цяпер у пісаным праве, звычаёвае права зьвярталася да забойстваў, крадзяжу, шкоды для гаспадаркі і для чалавека. Гэта, мабыць, асноўныя стаўленьні. Аднак пашыраюцца яны на штодзённае жыцьцё, на нормы паводзінаў у коле сваякоў і шырэй — у грамадзе.
Яскравы прыклад мне ўзгадваецца са сфэры дзейнасьці бортнікаў: калі які злодзей выходзіў па-за межы звычаёвага права, дык да яго прыліпала мянушка «пчаладзёр», і самае страшнае было тое, што яна прыліпала ажно на пяць пакаленьняў нашчадкаў.
— З чаго няпісаныя правілы, нормы паводзінаў, найперш паўставалі? З рэлігійных уяўленьняў? Гістарычнага досьведу? Жыцьцёвых назіраньняў?
— Паўставалі гэтыя нормы са старажытных плашчыняў успрыманьня чалавека як часткі ня толькі прыроды, але і ўсяго сусьвету, плашчыняў, якія фармуюць чалавека годнага ці нават ідэальнага. Нормы гэтыя фармуюцца ў складанай прасторы грамадзкіх адносінаў. Асноўнай крыніцай быў фальклёр. Так, касмаганічныя казкі фармуюць этычныя нормы паводзінаў, вырашаюць пытаньні добрага і злога. Чароўныя казкі выхоўваюць добрыя якасьці і рысы самога чалавека ў суадносінах з усім навакольлем, прымаўкі, прыказкі і іншыя малыя формы фальклёру выхоўваюць паводзіны ў пэўных абставінах. Пры гэтым любы новы досьвед, любая новая «інфармацыя» ў тагачасным грамадзтве перапрацоўвалася, што адбівалася на ўдасканаленьні звычаёвых нормаў і правілаў. Да таго ж жыцьцёвы досьвед як грамады, гэтак і асобы ствараў свае ўласныя нормы, якія сёньня можна пабачыць у забабонах і прымхах.
— Ці існавалі няпісаныя правілы пакараньняў — за што і як караць?
— Я скажу больш, былі ня проста няпісаныя правілы пакараньняў, існавала цэлая сыстэма, як выкрываць злодзея, праводзіць дазнаньне і выносіць прысуд. Гэта ўсё ўвасобілася ў такія «ўстановы» як копы, або копныя суды. Копны суд існаваў ня столькі дзеля пакараньня, колькі дзеля папярэджаньня злачынстваў на будучыню. Капа стваралася ў выпадках неабходнасьці і складалася з самых паважаных мужоў грамады. Яны і вырашалі лёс злачынцы або знаходзілі вінаватага. За самыя цяжкія правіны (забойства, плянаваны крадзеж маёмасьці, учыненьне пажару і г.д.) каралі шыбеніцай, спаленьнем, часам чвартаваньнем. Толькі капа магла вырашаць, за што, каго і як караць. Ніякага самасуду не было, бо за гэта можна было таксама атрымаць пакараньне.
— Народныя нормы паводзінаў пазьней леглі ў аснову, так бы мовіць, пісанага права — у статуты, законы?
— Вось менавіта пазьней, бо да выданьня пісаных законаў звычаёвыя нормы існавалі, каб забясьпечваць парадак. Некаторыя аспэкты народнага (звычаёвага) права былі ўведзеныя ў зборы пісаных законаў — Статуты ВКЛ. Напрыклад, звычаёвае бортнае права стала дзевяцьцю артыкуламі Трэцяга Статуту і рэгулявала бортніцтва як галіну гаспадаркі. Але ў той жа час грамадзкія адносіны ў межах бортнага промыслу па-ранейшаму рэгуляваліся звычаёвым правам. Канечне, немагчыма сказаць дакладна, што болей «рэгулявала». Аднак, на мой погляд, звычаёвае права вырашала пераважную частку спрэчных пытаньняў і прычынялася да парадку больш.
— Сёньня ва ўсім сьвеце ў законах прапісаныя ўсе прававыя нормы. Але чаму ўсё ж побач зь пісаным правам працягвае аж да сёньня існаваць права няпісанае? Ня ўсё запісалі? Нешта скасавалі? Ці ня ўсё можна і трэба запісваць?
— Бо няпісанае права больш за ўсё апэлюе да эмоцыяў грамады і асобы. Так, у Беларусі нават пасьля скасаваньня Статутаў ВКЛ і ўвядзеньня іншых законаў звычаёвае права існуе безь перапынкаў аж да нашага часу. Напрыклад, у бортніцтве яно існавала да 1920-х гадоў у выглядзе няпісанага кодэксу, дый цяпер сярод спадчынных бортнікаў можна пачуць рэха тых нормаў, якія існавалі раней, а сёньня выўляюцца як аскепкі. Пры гэтым нормы рэгулююць ня толькі адносіны паміж бортнікамі і грамадою, але і адносіны бортніка да лесу, дрэва, пчалы і прафэсійных тэхнік.
— Дзе, у якіх супольнасьцях у Беларусі перадусім існуе няпісанае, звычаёвае права?
— І сёньня яшчэ рэлікты гэтага права можна сустрэць — гэта вёскі, гэта прафэсійныя згуртаваньні (бортнікі, ганчары, бандары і г.д.). Самы буйны рэлікт — гэта традыцыйныя промыслы. Да бортніцтва я больш маю дачыненьне, таму прывяду некалькі прыкладаў. Нават сёньня яшчэ бортнікі кажуць: «Як я магу ўзяць мёд з гэтае калоды, калі яна не мая і не перададзеная ў карыстаньне мне (нават калі былы ўласьнік памёр)? Як я магу забраць адтуль мёд?!» Яшчэ і сёньня мёд, здабыты з калоды, лічыцца ўласнасьцю ня бортніка, а пчалы, з чыёй ласкі бортнік карыстаецца здабытымі прадуктамі, таму частуе ўсіх, каго сустрэне па дарозе. Праца рэгулюецца сваімі нормамі, і асабліва вылучаюцца адносіны бортніка да дрэва і пчалы. Кожную пчалу берагуць і лічаць, што пчала ня джаліць, а цалуе (на яе нельга злавацца). Забіраць трэба мёду столькі, каб абавязкова хапіла на зіму і пчолам. І нават калі бортнік бачыць, што з калоды можна ўзяць мала, то цалкам пакідае мёд пчолам. Упэўнены, што і іншыя рамёствы маюць свае нормы паводзінаў.
— Няпісанае права, як я разумею, існуе найперш у вёсках?
— Вёскі існуюць у сваім полі, паводле сваіх уласных законаў — гэта законы звычаяў і традыцыяў. Толькі ў вёсках прапісаныя «няпісаныя» законы маёмасьці і ўласнасьці, дабра і зла, нормаў паводзінаў, пакараньняў. Так, вельмі лёгка пакрыўдзіць сваякоў, калі не дапамагчы ім у невялікай справе, вельмі лёгка пасварыцца, калі ўзараць ня свой кавалак поля. Нават сёньня цяжка растлумачыць, паводле якога права гэтае рыбнае месца належыць пэўнаму гаспадару (хоць не пазначана гэта нідзе), чаму нельга чапаць грыбы, знойдзеныя не ў сваім месцы? Чаму толькі пэўны гаспадар мог касіць пэўны кавалак лугу або лесу (хоць аніякіх межаў не пазначана)? І, напэўна, самае моцнае: чаму, калі ў клямцы тырчыць галінка або накінуты на яе замочак, дык нікога ў хаце няма і заходзіць туды ня трэба?
— А што аж да сёньня звычаёвым правам забаронена ў маёмасных дачыненьнях?
— Сам панятак маёмасьці больш шырокі ў звычаёвым праве і адносіцца ня толькі да рэчаў, вырабленых або купленых, але і да пэўных рэсурсаў і вынікаў працы. Так, яшчэ нядаўна было забаронена без дазволу браць не свае рэчы, выкарыстоўваць рэсурсы, якія належаць іншым людзям. І самае галоўнае — забаронена красьці або псаваць не свае матэрыяльныя каштоўнасьці. Гэта, натуральна, зразумела і сёньня: не чапай чужога, або ня крадзь. Але ў межах грамадзтва звычаёвае права пашыралася ня толькі на будзённае жыцьцё, але яно гарманічна суіснавала з прыродным навакольлем. Так, маёмаснае права мелі ня толькі прадстаўнікі гэтага сьвету, але таксама і прадстаўнікі таго сьвету. Менавіта таму з могілак нічога нельга было прыносіць, браць, бо належыць гэта прадстаўнікам таго сьвету.
— Якія пакараньні захаваліся за парушэньне няпісаных законаў?
— Думаю, што кожная вёска мела свае ўласныя пакараньні, я ж прыгадаю толькі тыя, пра якія чуў. І ў любым разе пакараньні былі накіраваныя ня супраць чалавека, а на вяртаньне яго ў прававыя нормы і прадухіленьне злачынстваў у будучым. Калі лавілі злодзея за крадзеж, дык моцна прывязвалі яго і па пятах білі гірамі, аж пакуль ня пойдзе з носу кроў, потым пускалі злодзея бегчы. Калі злавілі чалавека за крадзяжом збожжа ці гародніны — дык давалі яму ў рукі чыгунок, а шыю абвязвалі вантробамі і вадзілі па ўсёй вёсцы (потым гэты сорам прыліпаў да чалавека і ягоны род на некалькі пакаленьняў). Калі лавілі злодзея, які выдзіраў пчол з калоды, дык скідалі астроў (адмысловая лесьвіца на дрэва) і пакідалі так яго на дрэве. Даводзілася таму небараку скакаць з дрэва, з вышыні 5–7 мэтраў, і часта гэта сканчалася калецтвам. Калі лавілі злодзея, які выдзіраў пчолаў, дык праразалі пуп, даставалі кішкі, прымотвалі да дрэва і ганялі вакол яго, пакуль злодзей не ўпадзе непрытомны. І гэта я ўзгадваю пачатак ХХ стагодзьдзя.
— А ці не парушаюць такія пакараньні законы пісаныя? Самасуд і закон... Ці не ўступае ў канфлікт пісанае і няпісанае права?
— Цяжка сказаць адназначна, бо часам яны дадаюць трошкі іншае адценьне. Яны ўплываюць на асобу, якая зьдзейсьніла злачынства, а таксама на грамаду, каб прадухіліць зладзейства ў будучым. Дый паглядзіце, што адбываецца, напрыклад, у Амэрыцы. Там зьвяртаюцца да такой сыстэмы: калі выкрываюць рабаўніка, дык не саджаюць яго ў астрог, а даюць яму шыльдачку, на якой напісана: «Я абрабаваў краму і скраў кампутарны дыск». Так гэты злодзей ходзіць па вуліцы, дзе ўсе яго ведаюць, яму вельмі сорамна глядзець у вочы людзям. Трэба ўзгадаць, што раней самасуду не было, рашэньне прымалася ў грамадзе (у межах капы). Канфлікт наступае тады, калі звычаёвыя нормы патрабуюць больш жорсткага пакараньня. Але сёньня судовая сыстэма спраўляецца з пакараньнем за больш жорсткія правіны. Вось прыклад — гэта здарылася ў маіх родных краях: набыў адзін дзядзька хату, пасяліўся там, а празь некаторы час пачаў вяскоўцаў пужаць, што пазабівае ўсіх. Знайшліся мясцовыя яго «сябры», якія пасьля такіх словаў прывязалі яго да дрэва, і ніхто ўжо па-за межы дазволенага не выходзіў.
— Сучасны сьвет глябалізуецца. Вам не падаецца, што тое, што было каштоўным для пэўнай супольнасьці, становіцца раптам некаштоўным, нейкім атавізмам? Усталёўваецца нейкі адзін парадак, адзіныя, як кажуць, дэмакратычныя нормы, каштоўнасьці... Звычаёвае права адамрэ? Ці яно мае шанцы ўсё ж упарадкаваць грамадзтвы, супольнасьці?
— Старое звычаёвае права сыходзіць, бо яно не стаіць на месцы, яно заўсёды разьвіваецца. Вядома, каб разьвівацца, яму трэба нейкія сьветачы, арыенціры ў прасторы. Звычаёвае права і цяпер існуе, але не ў звычайным выглядзе, яно нібыта хаваецца і прымае зусім іншыя формы: нормы паводзінаў у дачыненьні да экалёгіі, энэргазьберагальнасьці, матэрыяльных каштоўнасьцяў і прыроды. Вядома, адбываецца пераўтварэньне старых звычаёвых нормаў у новыя.
— Але ж выміраюць носьбіты звычаёвага права. Як вярнуць тое, што страчваецца?
— Можа, і ня трэба вяртаць старое, лепш далей разьвіваць яго, грунтуючыся на захаванай базе, на захаваным падмурку. Сыходзяць носьбіты старой фармацыі, і галоўнае — не згубіць стрыжань, які дазволіць звычаёваму праву існаваць далей. Пакуль будзе існаваць грамадзтва і супольнасьць людзей, датуль і будзе існаваць звычаёвае права, толькі ў іншай форме.