Паводле новага абвінавачваньня Аватараву пагражае 7 год турмы

Тарас Аватараў

Пракурор выставіў новае абвінавачаньне падсуднаму беларускаму байцу, які ваяваў за цэласнасьць Украіны ў добраахвотным батальёне «Правага сэктару».

Сёньня ў судзе Фрунзенскага раёну горада Менску працягваецца суд над беларускім добраахвотнікам «Правага сэктару» Тарасам Аватаравым.

Жыхара Наваполацку Тараса Аватарава арыштавалі ў лістападзе 2011 году на чыгуначным вакзале Менску.

Паводле новага абвінавачаньня, Тарас Аватараў вінаваты ў незаконных дзеяньнях са зброяй, што падпадае пад 2 частку 295 артыкула Крымінальнага кодэксу, і ў незаконным перавозе зброі празь мяжу — 2 частка 228 артыкула Крымінальнага кодэксу.

Пасьля азнаямленьня з абвінавачаньнем падсудны павінен гэта засьведчыць подпісам. На азнаямленьне суд даў Тарасу Аватараву 5 дзён і зрабіў у працэсе перапынак да 3 траўня.

Чым адрозьніваецца новае абвінавачаньне ад ранейшага, патлумачыў журналістам пракурор Аляксандар Мірончык:

«Абвінавачаньне адмовілася ад адной з кваліфікацыйных прыкмет злачынства — што Аватараў не дэкляраваў правоз празь мяжу гранаты. Ва ўсім астатнім віна падсуднага бачыцца тая ж самая: незаконныя дзеяньні з выбуховым самаробным прыстасаваньнем на тэрыторыі Беларусі і правоз гэтага прыстасаваньня празь мяжу», — сказаў Мірончык.

Тарас Аватараў з лавы падсудных заўважыў, што ўжо ня згодны з адной пазыцыяй у новым абвінавачаньні — што плошча паражэньня аскепкамі самаробнай гранаты, якую ў яго знайшлі, нібыта складае 150 квадратных мэтраў.

«Вы зможаце гэтаму запярэчыць, калі будзеце даваць ацэнку абвінавачаньню ў паказаньнях», — заўважыў на рэпліку Аватарава пракурор Мірончык.

Тарас Аватараў пачаў даваць паказаньні на мінулым тыдні, але яго перапыніла заява пракурора аб новым абвінавачаньні.

Працэс над Тарасам Аватаравым адновіцца 3 траўня. Паводле новага абвінавачаньня беларусу — добраахвотніку «Правага сэктару» пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.