Як Аляксандар Лукашэнка плянуе ратаваць беларускую эканоміку

Падчас пасланьня Лукашэнкі

У штогадовым пасланьні кіраўнік дзяржавы першы разьдзел прысьвяціў эканамічным задачам. Якое агульнае ўражаньне ад выступу Аляксандра Лукашэнкі? Чаму не было канстатацыі эканамічнага крызісу і аналізу ягоных прычын? Наколькі рэалістычныя высновы і патрабаваньні кіраўніка дзяржавы?

Валер Карбалевіч: «Падчас мінулых пасланьняў Лукашэнка, бывала, пачынаў выступ з тэмаў замежнай палітыкі ці карупцыі, сацыяльнай сфэры. Гэтым разам кіраўнік дзяржавы пачаў выступ з эканамічнага разьдзелу. І гэтая частка была бадай што самая вялікая па абʼёме ў параўнаньні зь іншымі. Якое вашае агульнае ўражаньне ад гэтага разьдзелу?»

Леанід Злотнікаў: «Усе гады ў пасланьнях Лукашэнкі разважаньні на тэму эканомікі ідуць у адной каляіне, з гледзішча каманднай эканомікі. Ён кажа, што павінны зрабіць дзяржаўныя ўстановы па кіраваньні эканомікай. І толькі ў восьмым пункце быў ківок у бок прыватнага сэктару.

Чаму не было канстатацыі эканамічнага крызісу і аналізу ягоных прычын?

Калі б ён паставіў задачу выйсьці на долю дзяржаўнага сэктару ў эканоміцы, якая існуе ў сьвеце (а гэта дзесьці 8-10%), то гэта было б правільна. У Беларусі сёньня гэта недзе 70%. А такая мадэль эканомікі ня можа эфэктыўна працаваць нідзе. А Лукашэнка як у пачатку свайго кіраваньня стаў на гэты шлях, так і ня можа выйсьці з гэтай каляіны. Ён не мяняецца».

Сяргей Чалы: «Мяне ўразіла, што, як у мінулагоднім пасланьні, цяпер не было ніякіх кантрольных лічбаў. Лукашэнка выкарыстаў эўфэмізмы кшталту „ў апошнія 2-3 гады тэмпы разьвіцьця ў эканоміцы запаволіліся“. Хоць насамрэч у нас поўнамаштабны эканамічны спад.

Увогуле само пасланьне выглядала дзіўным. Лукашэнка некуды сьпяшаўся, глядзеў на гадзіньнік, каб укласьціся ў паўтары гадзіны. У цэлым было адчуваньне разгубленасьці».

Карбалевіч: «Чаму не было канстатацыі эканамічнага крызісу і аналізу ягоных прычын? Чаму кіраўнік дзяржавы робіць выгляд, што нічога не адбываецца? Хіба можна схавацца ад крызісу? Улады думаюць, што насельніцтва гэтага ня ведае?»

ўсе эканамічныя дакумэнты прымаюцца, кіруючыся лёгікай: што можна было б зрабіць, калі б не было крызісу

Чалы: «У мяне ёсьць гіпотэза, якая ўзьнікла пасьля зьяўленьня ўказу № 78, на які спасылаўся Лукашэнка ў пасланьні. Маўляў, гэты дакумэнт дае адказы на ўсе пытаньні. Дык вось гэты ўказ і праграма ўраду на пяцігодку сталі вынікам кансэнсусу ўладаў. Ён палягае вось у чым: давайце мы ня будзем казаць пра крызіс бягучы і два крызісы, якія набліжаюцца: банкаўскі (рэзкі рост дрэнных пазыкаў) і даўгавы крызіс (ня можам вяртаць даўгі бяз новых крэдытаў). Таму што як толькі мы пачынаем абмяркоўваць гэтыя праблемы, адразу ўзьнікае ідэалягічнае супрацьстаяньне ў вярхах, якое невырашальнае сёньня. Таму ўсе эканамічныя дакумэнты прымаюцца, кіруючыся лёгікай: што можна было б зрабіць, калі б не было крызісу. Вось і зьяўляюцца такія задачы, якія пералічаныя ў пасланьні. Гэта ўсё правільныя рэчы, і яны б працавалі, калі б не было неабходнасьці вырашаць, як пражыць бліжэйшы год».

Калі прызнаць факт крызісу, то трэба даваць адказ на пытаньне, хто вінаваты

Злотнікаў: «Калі прызнаць факт крызісу, то трэба даваць адказ на пытаньне, хто вінаваты. Бо першакрыніца крызісу палягае ў той стратэгіі, якую вызначыў Лукашэнка з пачатку свайго кіраваньня. А ён лічыць, што прычынай праблем зьяўляюцца вонкавыя фактары, а таксама адсутнасьць выканаўчай дысцыпліны. І толькі крыху Лукашэнка прызнае, што ёсьць і наша віна. Насамрэч, прычына крызісу ў тым, што Лукашэнка хацеў паўтарыць у асобнай краіне савецкую эканамічную сыстэму. А такая эканоміка ня можа быць эфэктыўнай. А калі прызнаць, што прычына крызісу ў самой сыстэме, якую ён сфармаваў, то трэба прызнаць і сваю віну. І пайсьці ў адстаўку, ці яго папросяць у такім разе сысьці ў адстаўку».

Карбалевіч: «Лукашэнка прапанаваў 10 пунктаў, задач, якія стаяць перад краінай, дзяржаўнымі інстытутамі, урадам. І, здаецца, у асноўным прапановы нядрэнныя. Там ёсьць патрабаваньне скараціць сабекошт прадукцыі на 25%, ствараць 50 тысяч новых працоўных месцаў штогод, прыцягнуць 1,5 млрд даляраў замежных інвэстыцый, дывэрсыфікаваць экспарт, рабіць акцэнт на інавацыі, спрыяць бізнэсу і іншыя добрыя пажаданьні. Здаецца, усё правільна, няма з чым спрачацца. Дык чаму ж у незалежных эканамістаў узьнікаюць прэтэнзіі?».

Мы перажываем працэс такой доўгай постсавецкай трансфармацыі

Чалы: «Тэарэтычна ўсё правільна, толькі ня ў нашых умовах. У нас цяпер ёсьць адначасова доўгатэрміновыя праблемы ў эканоміцы і кароткатэрміновыя. Мы перажываем працэс такой доўгай постсавецкай трансфармацыі. Усе праблемы, якія цяпер узьніклі, — гэта пытаньні, ня вырашаныя ў 1990-я гады: як ставіцца да прыватнай уласнасьці, якая доля ў эканоміцы прыватнага сэктару, ці патрэбная прыватызацыя, што рабіць з прадпрыемствамі-банкрутамі. Вырашэньне гэтых праблем доўга адтэрміноўвалі, і нарэшце яны да нас зноў прыйшлі такім чынам, што адкладваць іх рашэньне няма ніякай магчымасьці. І на гэтыя праблемы структурнага крызісу наклаліся цыклічны і даўгавы, фінансавы крызісы. Правільнымі былі б такія меры, якія выводзілі б нас на вырашэньне доўгатэрміновых праблем.

А ў нас атрымліваецца так, што ўрад прыходзіць да Лукашэнкі з правільнымі прапановамі, але той працуе па мэтодзе „выбярэм з булачкі разынкі“. Як Лукашэнка выказаўся на адной нарадзе, мне непапулярныя меры непатрэбныя, мне патрэбныя папулярныя. Такія меры, магчыма, і вырашаюць нейкія кароткатэрміновыя задачы, але адначасова пагаршаюць пэрспэктывы доўгатэрміновага разьвіцьця краіны».

У нас няма гэткіх рэзэрваў. У нас вялікія даўгі

Злотнікаў: «Ёсьць прыказка: добрыя намеры вядуць у пекла. Людзі, якія цяпер знаходзяцца ва ўладзе, не разумеюць, як працуе эканоміка. Яны не разумеюць усю складанасьць эканамічных працэсаў, а кажуць толькі правільныя словы, прапановы і патрабуюць іх выкананьня, а гэта ўносіць толькі разлад у эканоміку. Галоўная наша праблема — занадта моцнае ўмяшаньне дзяржавы ў эканамічныя працэсы. Тое, што цяпер адбываецца, — гэта крызіс, канец беларускай мадэлі»

Карбалевіч: «Чаго варта чакаць? Гэтыя задачы, пастаўленыя Лукашэнкам, так і застануцца добрымі пажаданьнямі? І ў наступным пасланьні будуць падобныя пункты? Што далей? Рэцэсія, застой?»

Чалы: «Нядаўна дасьледчыкі расейскай Вышэйшай школы эканомікі зрабілі прагноз, які даводзіць, што Расею чакае 10 гадоў застою. Але ў іх яшчэ ёсьць рэзэрвы, якія можна праядаць.

У нас няма гэткіх рэзэрваў. У нас вялікія даўгі. Таму перасядзець крызіс, будуючы падобныя пляны, нават ня пляны, а манілаўскія мары, ня ўдасца. Сама мадэль эканомікі адпрэчвае інавацыі. Мы перажываем пэрыяд, які быў у СССР напярэдадні распаду. Паскарэньне закончылася, а перабудова ніяк ня можа пачацца, бо лідэр ня хоча мяняць сыстэму. Вынікам будзе тое, што эканоміка явачным парадкам, стыхійна ажыцьцявіць структурную перабудову. Усе прадпрыемствы-зомбі адамруць самі. Ня будзе ніякага чалавечага капіталу».