Астравец. Пікет да 30-годзьдзя Чарнобыля забаранілі

Мікалай Уласевіч, архіўнае фота

Астравецкія ўлады адмовілі актывісту АГП Мікалаю Ўласевічу ў дазволе правесьці ў раённым цэнтры пікет «30 гадоў пасьля Чарнобыля: Астравецкая АЭС — гэта нам трэба?»

Паводле Ўласевіча, улады спаслаліся на тое, што пры падачы заяўкі парушаны артыкул 5 Закона РБ «Аб масавых мерапрыемствах» «у частцы тэрмінаў падачы заявы, месца правядзеньня масавага мерапрыемства».

Актывіст з гэтым цалкам не пагаджаецца.

«Напэўна, у нашых уладаў нешта дрэнна з арытмэтыкай, бо паводле заканадаўства заяўка на правядзеньне пікета падаецца за 15 дзён, і я гэты тэрмін не парушыў. А што да месца правядзеньня, то я папрасіў у сувязі са значнасьцю падзеі дазволу правесьці пікет у цэнтры гораду, а не на задворках недзе ў лесапаркавай зоне, як гэта рэкамэндуе райвыканкам. Усе значныя мерапрыемствы ў горадзе ўлады праводзяць у цэнтры гораду, і гэта нікому не замінае, а мяне выштурхоўваюць на задворкі, нібыта я хачу нагадаць людзям пра нешта непатрэбнае.

А я хачу нагадаць людзям пра важнае, бо пасьля Чарнобыля мінула 30 гадоў, а ўлады імкнуцца нічога не казаць пра наступствы, а будуюць у нас новую АЭС. Трэба проста сябе не паважаць, каб праводзіць такі пікет там, дзе людзі выгульваюць сабак. Мне вельмі шкада, што нашы ўлады так ставяцца да такой значнай праблемы».